20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Класіку японскага кіно пакажуць у Мінску 3-8 красавіка, паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама.
Кінасеансы пройдуць у кінатэатры "Піянер". Мінчанам прадставяць шэсць фільмаў ад вядучых рэжысёраў Японіі, лаўрэатаў буйнейшых фестываляў свету - Берлінскага, Канскага, Венецыянскага. Будуць паказаны аўтарскія карціны, у якіх самабытнасць стылю і традыцый своеасабліва спалучаюцца з папулярнымі глядацкімі жанрамі. У іх ліку любоўная драма "Ззянне", сямейны трылер "Фісгармонія", псіхалагічны дэтэктыў аб тайнах правасуддзя і ісціне "Трэцяе забойства", драма "Дзённік Умімаці", фантастычная гісторыя аб уварванні іншапланецян "Пакуль мы тут".
Праграму "Змярканне і прыгажосць: Новая класіка японскага кіно" прадстаўляе Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "Арт Карпарэйшн" пры падтрымцы пасольства Японіі і кампаніі JTI. Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.
Як адзначылі арганізатары праекта, рэтраспектыва японскага кіно паказваецца ў беларускай сталіцы сёмы раз. У папярэднія гады гледачы ўбачылі карціны вядомых японскіх кінарэжысёраў Сёхэя Імамуры і Кэйскэ Кінасіты, а таксама фільмы, знятыя кінакампаніяй "Сёціку", назіралі за містычнымі гісторыямі традыцыйнага японскага жанру "кайдан". У перыяд падрыхтоўкі да тыдня японскага кіно 22 сакавіка ў культурнай прасторы ОК16 кіназнавец і праграмны дырэктар кінафестывалю "Лістапад", член Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI Ігар Сукманаў прачытае лекцыю "Японскае кіно. Імперыя пачуццяў".-0-