27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Факсімільнае выданне першага "Буквара" прэзентуюць 28 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Такая інфармацыя размешчана на сайце НББ, паведамляе БЕЛТА.
Маштабны праект па факсімільным аднаўленні першага "Буквара" прызначаны зрабіць яго даступным для шырокай аўдыторыі і прадэманстраваць высокую каштоўнасць культурнай спадчыны беларускага народа, адзначылі ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Кніга выйшла ў 1618 годзе на царкоўнаславянскай мове ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духу ў Еўе. Усяго захавалася два экзэмпляры. "Адна з кніг была вывезена брытанскім калекцыянерам у Лондан у пачатку XVII стагоддзя. Сёння гэты кніжны помнік захоўваецца ў бібліятэцы Мідл Тэмпл у Вялікабрытаніі, другі - у Каралеўскай бібліятэцы Даніі. На радзіме не засталося ніводнага выдання: як гэта часта адбываецца з навучальнымі дапаможнікамі, іх проста зачыталі да дзірак", - расказалі ў НББ.
У Нацыянальнай бібліятэцы звярнулі ўвагу, што прэзентацыя невыпадкова пройдзе напярэдадні Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства. Бо менавіта з буквара пачынаецца дарога да ведаў. Сёння па кнігах з такой назвай вучацца ў многіх краінах свету.
Першаму ў свеце "Буквару", які выдалі беларусы, у 2018 годзе споўнілася 400 гадоў. Кніга выйшла на 52 лістах у кішэнным фармаце. У "Буквары" размешчаны славянскі алфавіт, прыклады складоў з дзвюх і трох літар, простыя словы на царкоўнаславянскай мове, пералік знакаў прыпынку, лічбаў (у кірылічнай традыцыі), а таксама асновы граматыкі і тэксты для чытання, якія ўключаюць рэлігійныя гімны, малітвы, запаведзі, пропаведзі. Юбілейныя мерапрыемствы ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзяць з пачатку года. Да гэтага часу адбыліся выстаўкі, якія прадэманстравалі 400-гадовую гісторыю буквароў, а таксама расказалі пра буквары народаў свету.-0-