5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дні культуры Беларусі ва Украіне пройдуць у наступным годзе і па маштабе будуць адпавядаць мерапрыемствам, якія стартуюць гэтымі днямі ў нашай краіне. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр культуры Юрый Бондар перад урачыстым адкрыццём Дзён культуры Украіны ў Палацы Рэспублікі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Такія маштабныя культурныя акцыі праводзяцца ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі. Гэта абменныя Дні культуры, якія праводзяцца на прынцыпах узаемнасці, - сказаў Юрый Бондар. - Я вельмі рады, што мы можам настолькі маштабна правесці Дні культуры Украіны - не толькі ў Мінску, але і ў Гомелі, а таксама ў Александрыі. Згодна з нашымі планамі, у наступным годзе мы зробім візіт у адказ. Планы ўзгоднім з украінскім бокам, у адпаведнасці з графікам работы канцэртных пляцовак і магчымасцямі нашых партнёраў".
Дні культуры Украіны пройдуць у Беларусі з 5 па 10 ліпеня. Мерапрыемства ў Палацы Рэспублікі запускае марафон мерапрыемстваў і падзей. У праграме маштабнага канцэрта ў Мінску ўдзельнічаюць Нацыянальны заслужаны акадэмічны ансамбль танца Украіны імя П. Вірскага, папулярныя эстрадныя выканаўцы Іва Бобул, Ленара Асманава, Злата Огневіч, Ціна Караль, Алег Віннік, групы Luiku і "Гетман". У фае Палаца Рэспублікі экспануецца выстаўка народных промыслаў.
Упершыню вялікая канцэртная праграма з удзелам папулярных артыстаў з Украіны стане адной з адметных асаблівасцей свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"). "Цэлы дзень 7 ліпеня будзе прысвечаны прэзентацыі вырабаў майстроў народнай творчасці Украіны, на наступны дзень пройдзе коннае казацкае шоу, вялікі канцэрт, які паўторыць праграму сённяшняга мерапрыемства і дасць жыхарам Магілёўскага рэгіёна магчымасць азнаёміцца з дасягненнямі ўкраінскай культуры і мастацтва", - дадаў Юрый Бондар. Таксама насычаную праграму ўкраінскія артысты прадставяць 10 ліпеня на сцэне Гомельскага грамадска-культурнага цэнтра.-0-