6 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Бэле Шагал прысвечана выстава ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Арт-цэнтры Марка Шагала.
Экспазіцыя "Бэла Шагал. Партрэт жонкі мастака" прымеркавана да дня нараджэння майстра, які адзначаецца 6 ліпеня. Яна ўключае копіі фотадакументальных матэрыялаў, што расказваюць пра сям'ю Розенфельдаў (дзявочае прозвішча Бэлы), графічныя работы Шагала з калекцыі музея, прадметы, якія аднаўляюць атмасферу гарадскога побыту пачатку ХХ стагоддзя, выданні кнігі Бэлы Шагал. Упершыню на выставе экспануецца аўтарская літаграфія, выкананая па рабоце Марка Шагала "Дзень нараджэння".
Факты біяграфіі Бэлы Шагал і яе роля ў станаўленні кар'еры Марка раскрываюцца ў шырокім гістарычным і культурным кантэксце. З матэрыялаў выставы можна даведацца пра рэдкія факты з гісторыі Віцебска, яго яўрэйскай абшчыны. Бэла Шагал паўстае не толькі ў вобразе музы вялікага мастака, яе вобраз з'яўляецца самадастатковым: добра адукаваная эмансіпіраваная жанчына, якая зрабіла крок наперад у параўнанні са сваім традыцыйным акружэннем, але пры гэтым захавала і перадала шырокай публіцы памяць аб сваіх каранях, надзеленая вострым розумам, тонкім разуменнем культурнай сітуацыі і літаратурным талентам.
Куратар выставы - вядомы віцебскі шагалазнавец Людміла Хмяльніцкая. 8 ліпеня ў 11.00 яна правядзе аўтарскую экскурсію па экспазіцыі. Уваход свабодны.-0-