Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 жніўня 2018, 18:44

Беларускія народныя казкі на кітайскай мове хочуць выдаць у КНР

24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія кнігавыдаўцы наладзілі ўзаемавыгадныя кантакты з калегамі і спецыялістамі выдавецка-паліграфічнай сферы на Пекінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы, якая праходзіць у сталіцы Кітая з 22 па 27 жніўня, паведамляе БЕЛТА.

У другі дзень форуму члены беларускай дэлегацыі акрамя работы на нацыянальным стэндзе правялі плённыя сустрэчы.

У Пекінскім універсітэце замежных моў адбыўся форум кнігавыдаўцоў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія стварылі асацыяцыю "Шаснаццаць плюс адзін", гэта значыць шаснаццаць еўрапейскіх краін і Кітай. Яе галоўная місія - захоўваць дасягненні чалавечай цывілізацыі, злучаць культуры народаў свету. Прадстаўнікі Беларусі і Расіі ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве ў якасці наглядальнікаў, каб у перспектыве стаць паўнапраўнымі членамі асацыяцыі.

Па выніках сустрэчы ў выдавецтве ўніверсітэта FLTRP дырэктар выдавецтва "Мастацкая лiтаратура" Алесь Бадак падпісаў дагавор аб выпуску серыі кніг "Канцэптуальныя пытанні кітайскай культуры". У сваю чаргу калегі з КНР зацікавіліся магчымасцю выдання беларускіх народных казак на кітайскай мове.

Дырэктару выдавецтва "Народная асвета" Вікторыі Калістратавай партнёры з КНР прапанавалі разгледзець кантрольныя экзэмпляры навучальных дапаможнікаў на кітайскай мове для дзяцей дашкольнага ўзросту і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў з магчымасцю бязвыплатнай перадачы аўтарскіх правоў на іх і выданне гэтых дапаможнікаў у Беларусі. Ад кітайскіх калег паступіў запыт на падрыхтоўку і выданне навучальных дапаможнікаў па беларускай мове для студэнтаў Пекінскага ўніверсітэта. Гэтыя пытанні ў рабочым парадку будуць прапрацоўвацца з Міністэрствам адукацыі Беларусі.

Разглядалася пытанне аб падрыхтоўцы з выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя" беларуска-кітайскага і кітайска-беларускага слоўніка, а таксама кітайскіх размоўнікаў. У адпаведнасці з глабальнай стратэгічнай праграмай КНР "Адзін пояс, адзін шлях" у Кітаі ўдзяляюць вялікую ўвагу вывучэнню спецыфікі эканамічных працэсаў з улікам нацыянальных і культуралагічных асаблівасцей ключавых краін праекта, у тым ліку Беларусі. Таму дырэктар "Беларускай энцыклапедыі" Уладзімір Андрыевіч і дырэктар Цэнтра моўнага абслугоўвання краін, што ўваходзяць у праект "Адзін пояс, адзін шлях", Пэн Данлін дамовіліся аб планах падрыхтоўкі і выдання на кітайскай мове кніг па гісторыі Беларусі, культуры, аб традыцыях, звычаях і самабытнасці народаў, якія пражываюць на беларускай зямлі.

Намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі і генеральны дырэктар ААТ "Белкніга" Аляксандр Вашкевіч сустрэліся з топ-менеджарамі кампаніі HUAWEI. Абмяркоўваліся тэхналагічныя магчымасці кампаніі па ўдасканаленні дзейнасці і мадэрнізацыі кнігагандлёвай сеткі "Белкніга" з улікам SEO-магчымасцей кампаніі. Адпаведную прапанову плануецца выпрацаваць сумесна з ААТ "Белкніга" і прадстаўніцтвам HUAWEI ў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі