Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
31 жніўня 2021, 09:55

ЗША завяршылі вывад войскаў з Афганістана

31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Злучаныя Штаты Амерыкі вывелі свае войскі з Афганістана і завяршылі як аперацыю па эвакуацыі грамадзянскіх асоб з Кабула, так і ўсю сваю ваенную місію ў гэтай краіне, якая пачалася ў хуткім часе пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года. Аб гэтым заявіў на брыфінгу ў Пентагоне кіраўнік Цэнтральнага камандавання Узброеных Сіл ЗША генерал Кенет Маккензі, паведамляе ТАСС.

"Я сёння тут, каб аб'явіць аб завяршэнні вываду нашых войскаў з Афганістана і заканчэнні ваеннай аперацыі па эвакуацыі амерыканскіх грамадзян, грамадзян іншых краін, а таксама афганцаў, якія знаходзіліся ў неабароненым становішчы", - сказаў Кэнэт Макензі.

"Апошні ваенна-транспартны самалёт вылецеў з міжнароднага аэрапорта імя Хаміда Карзая 30 жніўня ў 15.29 па часе ўсходняга ўзбярэжжа ЗША, і апошняе пілатуемае паветранае судна на гэты момант пакідае паветраную прастору Афганістана", - дадаў генерал. Паводле слоў Кенета Маккензі, на борце апошняга самалёта, які пакінуў Кабул, знаходзіўся часовы павераны ў справах ЗША ў Афганістане Рос Уілсан.

Прадстаўнік катарскага палітычнага офіса руху "Талібан" Махамад Сахаіл Шахін пацвердзіў на сваёй старонцы ў Twitter, што апошні прадстаўнік Узброеных Сіл ЗША пакінуў тэрыторыю Афганістана. "Сёння ноччу ў 00:00 па афганскім часе апошні амерыканскі салдат пакінуў Афганістан", - адзначыў прадстаўнік "Талібана".

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн 14 красавіка аб'явіў, што прыняў рашэнне згарнуць аперацыю ў Афганістане, якая стала самай доўгай замежнай ваеннай кампаніяй у амерыканскай гісторыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі