Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
12 сакавіка 2020, 10:03

ЗША прыпыняюць на месяц прыём пасажыраў з Еўропы

12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Злучаныя Штаты з пятніцы, 13 сакавіка на 30 дзён уводзяць забарону на ўезд у краіну замежных грамадзян, якія прыбываюць з еўрапейскіх дзяржаў, выключэнне будзе зроблена толькі для Вялікабрытаніі. Аб гэтым заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, выступаючы ў сераду ўвечары з тэлезваротам да суграмадзян у сувязі з распаўсюджваннем у краіне і свеце новага каранавіруса, паведамляе ТАСС.

"Каб прадухіліць завоз у нашу краіну новых хворых, мы на 30 дзён прыпыняем усе паездкі з Еўропы ў ЗША. Новыя правілы ўступаюць у сілу апоўначы ў пятніцу, - сказаў Дональд Трамп. - Выключэнні будуць зроблены для амерыканцаў, якія праходзяць адпаведную праверку. Абмежаванні таксама не будуць распаўсюджвацца на Вялікабрытанію".

Акрамя таго, прэзідэнт ЗША адзначыў, што амерыканская адміністрацыя разгледзіць магчымасць больш ранняй, чым планавалася, адмены абмежаванняў на ўезд у краіну асоб з КНР і Рэспублікі Карэя. "Мы сочым за сітуацыяй у Кітаі і Рэспубліцы Карэя, па меры таго, як сітуацыя там паляпшаецца, мы правядзём пераацэнку абмежаванняў, якія дзейнічаюць у адносінах да іх цяпер", - сказаў ён.

Дональд Трамп растлумачыў павелічэнне маштабаў распаўсюджвання новага каранавіруса ў ЗША тым, што Еўрапейскі саюз не прыняў неабходных мер для абмежавання паездак. "У самым пачатку ўспышкі мы ўстанавілі маштабныя абмежаванні на ўезд з Кітая і ўвялі ў дзеянне першы за 50 гадоў каранцін на федэральным узроўні. Мы аб'явілі надзвычайную сітуацыю ў сферы аховы здароўя і ўсталявалі самы высокі ўзровень засцярогі ад паездак у іншыя краіны, куды распаўсюджвалася гэта жудасная інфекцыя", - сказаў ён.

"Пасля прыняцця гэтых ранніх і вельмі сур'ёзных мер у Злучаных Штатах было значна менш выпадкаў заражэння вірусам, чым цяпер у Еўропе", - адзначыў Дональд Трамп. "Еўрапейскі саюз не прыняў такія ж меры засцярогі і не абмежаваў уезд з Кітая і іншых мясцін распаўсюджвання. У выніку тыя, хто прыязджае з Еўропы, стварылі ў ЗША вялікую колькасць новых ачагоў", - перакананы кіраўнік Белага дома.

Пазней Дональд Трамп дадаў у сваім Twitter, што гандаль ніякім чынам не будзе закрануты 30-дзённым абмежаваннем на паездкі з Еўропы. "Абмежаванне спыняе людзей, не тавары", - растлумачыў амерыканскі прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі