Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
05 лістапада 2018, 18:35

ЗША назвалі спіс краін, выведзеных з-пад антыіранскіх санкцый

5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЗША часова вывелі з-пад іранскіх "нафтавых" санкцый Грэцыю, Індыю, Італію, Кітай, Турцыю, Рэспубліку Карэя і Японію. Аб гэтым заявіў на брыфінгу дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа, паведамляе ТАСС.

Паводле слоў Майкла Пампеа, ЗША таксама вывелі атамную электрастанцыю "Бушэр" і яшчэ два ядзерныя праекты ў Іране з-пад дзеяння сваіх санкцый адносна Тэгерана.

У сваю чаргу прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс адзначыла, што Адміністрацыя прэзідэнта ЗША разлічвае, што новыя санкцыі выклічуць найбольш балючыя наступствы для Ірана. "Гэта адны з самых жорсткіх санкцый. Мы прадоўжым аказваць націск на Іран да таго часу, пакуль не пераканаемся, што ён змяніў свае паводзіны. У мінулым мы гэтага так і не ўбачылі", - адзначыла Сара Сандэрс.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 8 мая аб'явіў аб выхадзе Вашынгтона з Сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў (СУПД) - здзелкі, якая была заключана ў 2015 годзе і абмяжоўвала ядзерныя распрацоўкі Тэгерана ў абмен на адмену санкцый Савета Бяспекі ААН і аднабаковых абмежавальных мер, уведзеных ЗША і ЕС.

Дональд Трамп паабяцаў не толькі вярнуць ранейшыя санкцыі, але і ўвесці новыя, а Дзярждэпартамент ЗША ў сувязі з гэтым паведаміў аб намеры Вашынгтона звесці да нуля даходы Ірана ад экспарту нафты. Дональд Трамп таксама заявіў, што прадпрымальнікі, якія працуюць з Іранам, не змогуць адначасова весці бізнес са Злучаным Штатамі пасля аднаўлення Вашынгтонам санкцый супраць Тэгерана.

Першая частка амерыканскіх санкцый аднавіла дзеянне ў ноч на 7 жніўня. Гэтыя абмежавальныя меры ахапілі аўтамабілебудаўнічы сектар Ірана, гандаль золатам і шэрагам металаў.

Другая частка санкцый, у тым ліку супраць іранскага нафтавага сектара, уступіла ў сілу 5 лістапада. Паводле даных Міністэрства фінансаў ЗША, санкцыі ўведзены супраць больш як 700 юрыдычных і фізічных асоб, марскіх і паветраных суднаў Ірана. Сярод унесеных у санкцыйны спіс арганізацый лічыцца нацыянальная авіякампанія Iran Air, Арганізацыя па атамнай энергіі і Цэнтрабанк Ірана.

Краіны Еўрасаюза, нягледзячы на санкцыі ЗША, заявілі аб рашучасці прадаўжаць работу па пашырэнні эканамічных кантактаў еўрапейскіх кампаній з Іранам і стварыць механізм фінансавых разлікаў з Тэгеранам для абходу гэтых санкцый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі