Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
10 студзеня 2024, 11:16

Злачынныя групоўкі Эквадора аб’яўлены ваеннымі цэлямі 

10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Злачынныя групоўкі Эквадора аб'яўлены ваеннымі цэлямі, гаворыцца ў відэазвароце кіраўніка аб'яднанага камандавання ўзброеных сіл краіны Хайме Велы Эраса, паведамляюць РІА Навіны.

Прэзідэнт Эквадора Даніэль Набоа аб'явіў у краіне рэжым унутранага ўзброенага канфлікту і загадаў арміі "нейтралізаваць" 22 бандыцкія ўтварэнні, якія налічваюць дзясяткі тысяч удзельнікаў.

"Прэзідэнт Рэспублікі Даніэль Набоа сваім указам нумар 111 устанавіў для нас вельмі выразную місію. З гэтага моманту кожная тэрарыстычная група, пазначаная ў вышэйзгаданым указе, стала ваеннай цэллю. На карту пастаўлена сучаснае і будучае нашай краіны, і ніякі тэрарыстычны акт не прымусіць нас здацца. Мы не збіраемся адступаць або  весці перагаворы", - заявіў Хайме Вела Эраса па выніках пасяджэння савета  бяспекі.

Раней невядомыя ў масках з халоднай і агнястрэльнай зброяй уварваліся ў студыю тэлеканала TC у Гуаякіле, за што ім прад'явяць абвінавачанні ў тэрарызме.

Напярэдадні Набоа пасля серыі бунтаў у турмах і ўцёкаў лідара буйнейшай банды ўстанавіў на 60 дзён рэжым надзвычайнай сітуацыі, каб задзейнічаць узброеныя сілы ў аднаўленні кантролю над пенітэнцыярнай сістэмай.

Дзеянні ўрада Эквадора выклікалі хвалю беспарадкаў у гарадах краіны - у ноч на 9 студзеня злачынцы пачалі паліць аўтамабілі і аўтобусы, у Гуаякіле адбыліся падрывы самаробных выбуховых прыстасаванняў.

Паліцыя таксама паведаміла, што невядомыя менш як за суткі выкралі семярых супрацоўнікаў праваахоўных органаў у Кіта і горадзе Мачала на паўднёвым захадзе краіны. Паводле даных службы выканання пакаранняў, злачынцы ўтрымліваюць у заложніках у турмах 125 супрацоўнікаў аховы і 14 адміністрацыйных работнікаў. У выніку беспарадкаў у Гуаякіле загінулі восем чалавек і яшчэ двое атрымалі раненні. У суседнім горадзе Нобаль злачынцы таксама забілі дваіх паліцэйскіх.

Улады эквадорскай сталіцы пасля пачатых беспарадкаў узмацнілі меры бяспекі і заклікалі ўрад краіны прыцягнуць армію для абароны стратэгічных аб'ектаў.-0- 

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі