Сцяг Субота, 24 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
19 сакавіка 2025, 16:37

Зяленскі заявіў, што сёння правядзе тэлефонную размову з Трампам

Уладзімір Зяленскі. Фота з архіва ОП Украіны
Уладзімір Зяленскі. Фота з архіва ОП Украіны
19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уладзімір Зяленскі заявіў, што сёння правядзе тэлефонную размову з амерыканскім лідарам Дональдам Трампам. Аб гэтым паведамляе "Страна".

Заява прагучала ў час прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам. Уладзімір Зяленскі прыбыў у Фінляндыю 18 сакавіка. Афіцыйная частка візіту пачалася 19 сакавіка.

Украінскі палітык пры гэтым сказаў, што бакі будуць абмяркоўваць "дэталі наступных крокаў" па спыненні ўкраінскага канфлікту. Уладзімір Зяленскі таксама адзначыў, што чакае ў час размовы пачуць падрабязнасці перагавораў Дональда Трампа з расійскі лідарам Уладзімірам Пуціным, якія прайшлі 18 сакавіка.

Для рэалізацыі дамоўленасці аб частковым перамір'і Украіна мае намер перадаць Вашынгтону спіс энергетычных аб'ектаў, па якіх будзе забаронена біць, заявіў Уладзімір Зяленскі. "Вельмі хочацца, каб быў кантроль. Галоўным суб'ектам гэтага кантролю павінны быць ЗША. Калі ў нас будзе такая дамоўленасць, то будзе спіс аб'ектаў - грамадзянскіх, энергетычных, інфраструктурных. Гэты спіс мы абавязкова падрыхтуем і перададзім нашым партнёрам", - паведаміў ён.

Паводле яго слоў, сустрэча ў Джыдзе ў Саудаўскай Аравіі, якая, як чакаецца, пройдзе 23 сакавіка, будзе арганізавана на тэхнічным узроўні. "Гэта будзе тэхнічная каманда. З нашага боку дакладна будуць ваенныя, энергетыкі і людзі, якія разбіраюцца ў партовай інфраструктуры. Гэта тэхнічны ўзровень", - пракаменціраваў Уладзімір Зяленскі. Абмяркоўваць будуць частковае спыненне агню, напрыклад, па інфраструктуры, энергетыцы, а таксама бяспеку суднаходства.

Акрамя таго, Уладзімір Зяленскі адзначыў: "Для Украіны будзе небяспечна, калі Амерыка не будзе нашым стратэгічным партнёрам, а павернецца спінай. І я не хацеў бы пра гэта гаварыць, але ў нас былі крокі або сігналы гэтай небяспекі - часовае прыпыненне дапамогі. Я ўдзячны прэзідэнту (Дональду Трампу. - Заўвага БЕЛТА) і камандзе, што ўсё адноўлена. Для нас гэта важна, таму што гэта сведчыць пра нашы цесныя адносіны, моцныя адносіны. Наша стратэгічнае бачанне будучыні, бяспечнай будучыні для ўкраінцаў".

У Мінабароны РФ сёння заявілі, што кіеўскія ўлады атакавалі ноччу 19 сакавіка энергетычны аб'ект на Кубані трыма беспілотнікамі пасля пацвярджэння Расіяй часовага спынення ўдараў па энергетычнай інфраструктуры. У пункце перавалкі нафты на Кубані адбылася разгерметызацыя рэзервуара з узгараннем на 1,7 тыс. кв.м. У расійскім абаронным ведамстве падкрэслілі, што атакі ўкраінскага боку на энергетычную інфраструктуру РФ з'яўляюцца падрыхтаванай правакацыяй для зрыву мірных ініцыятыў Дональда Трампа. Пры гэтым расійскія войскі, як паведамілі ў Мінабароны РФ, пасля атрымання загаду Вярхоўнага галоўнакамандуючага УС РФ Пуціна аб спыненні ўдараў па энергетычных аб'ектах збілі сем сваіх ужо запушчаных беспілотнікаў. Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія мінулай ноччу атакавала ўкраінскія аб'екты.

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін правёў тэлефонную размову з амерыканскім лідарам Дональдам Трампам 18 сакавіка. Расійскі лідар прыняў прапанову Трампа на 30 дзён прыпыніць удары па энергетычных аб'ектах і адразу даў расійскім ваенным адпаведную каманду.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі