Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
29 верасня 2021, 15:45

Забруджванне паветра стала прычынай 6 млн выпадкаў заўчасных родаў

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Штогод амаль 6 млн заўчасных родаў адбываецца з-за знаходжання ў атмасферы таксічных рэчываў, вынікае з даных даследавання, апублікаванага навуковым часопісам PLOS Medicine, паведамляе ТАСС.

Спецыялісты Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Францыска вывучылі, як часцінкі пылу, едкія газы і таксічныя каплі аэразоляў, якія прысутнічаюць у паветры вялікіх гарадоў і іншых населеных пунктаў, уплываюць на стан здароўя цяжарных жанчын і верагоднасць развіцця ўскладненняў на апошніх стадыях выношвання плода.

Для гэтага вучоныя прааналізавалі і аб'ядналі вынікі чатырох дзясяткаў значных даследаванняў, якія праводзіліся ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў у Паўночнай Амерыцы, Еўропе, Аўстраліі, Кітаі, Індыі, у краінах Афрыкі і ў Паўднёвай Амерыцы. Гэтыя даныя эколагі супаставілі з тым, які ўзровень забруджвання паветра характэрны для большасці населеных рэгіёнаў свету.

Разлікі паказалі, што кожныя 10 нг газападобных таксінаў і часцінак аэразоляў у паветры паніжалі сярэднюю масу дзіцяці прыкладна на 22 г, таксама павышалі верагоднасць заўчасных родаў на 12 працэнтаў, на 11 працэнтаў павялічвалі рызыку таго, што дзіця з'явіцца на свет з незвычайна нізкай масай. У выніку гэтага прыкладна 6 млн дзяцей кожны год нараджаюцца неданошанымі, а яшчэ 2,8 млн дзяцей з'яўляюцца на свет з анамальна нізкай масай цела. Пераважная большасць гэтых выпадкаў, як адзначае адзін з аўтараў работы Ракеш Гхош, прыпадае на краіны Афрыкі на поўдзень ад Сахары і Паўднёвую Азію, дзе ўзровень забруджвання паветра па-за і ўнутры памяшканняў максімальна высокі.

Паводле ацэнак вучоных, паляпшэнне якасці паветра ў гэтых двух рэгіёнах свету дало б магчымасць знізіць абодва паказчыкі на 78 працэнтаў. Гэта значна палепшыла б сітуацыю з ранняй дзіцячай смяротнасцю і распаўсюджанасцю хранічных хвароб, звязаных з неданошанасцю і нізкай вагой пры нараджэнні.

Паводле бягучых ацэнак СААЗ, кожны год з-за забруджвання атмасферы рознымі шкоднымі рэчывамі і канцэрагенамі паміраюць амаль 7 млн чалавек. Многія даследчыкі пры гэтым лічаць, што рэальная колькасць смярцей можа быць значна вышэйшай.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі