
31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Францыі прадоўжыліся мітынгі супраць пенсійнай рэформы, прапанаванай французскім лідарам Эмануэлем Макронам. Забастоўка прывяла да сур'ёзных узрушэнняў у краіне, піша The Guardian.
З-за сённяшняй забастоўкі пацярпелі транспарт, школы і энергетычны сектар.
Паводле слоў чыгуначных аператараў, быў "вельмі сур'ёзна парушаны" рух паяздоў і трамваяў у гарадах ад Парыжа да Ніцы, таксама з праблемамі сутыкнуліся рэгіянальныя і скорасныя паязды па ўсёй краіне.
Авіякампанія Air France заявіла, што кожны дзясяты рэйс на кароткія і сярэднія адлегласці будзе адменены. Паводле даных галоўнага прафсаюза настаўнікаў, бастуюць каля паловы ўсіх настаўнікаў пачатковых школ і выхавальнікаў дзіцячых садоў.
Як паведамляе Agence France-Presse, пратэсты супраць пенсійных змяненняў персаналу НПЗ і паліўных складоў французскай кампаніі TotalEnergies прывялі да парушэння ланцужкоў паставак паліва. Згодна з заявай кіраўніцтва кампаніі, адгрузка прадукцыі з прадпрыемстваў TotalEnergies сёння была перапынена. Паводле інфармацыі агенцтва, на НПЗ TotalEnergies бастуюць ад 75 працэнтаў да 100 працэнтаў супрацоўнікаў.
Праваахоўнікі чакалі, што сёння ў вулічных дэманстрацыях у гарадах і пасёлках па ўсёй Францыі прымуць удзел каля мільёна чалавек - аналагічна высокай яўцы ў першы дзень агульнанацыянальнай забастоўкі супраць пенсійнай рэформы 19 студзеня.
Новая рэформа ўключае павелічэнне пенсійнага ўзросту ў Францыі з 62 да 65 гадоў. Французскі ўрад сцвярджае, што змяненні маюць вырашальнае значэнне, каб гарантаваць будучае фінансаванне пенсійнай сістэмы, якая, паводле прагнозаў, сутыкнецца з дэфіцытам у бліжэйшыя некалькі гадоў. Прэм'ер-міністр Францыі Элізабет Борн заявіла, што павышэнне пенсійнага ўзросту да 64 гадоў "не падлягае абмеркаванню". Прэзідэнт Эмануэль Макрон заявіў вечарам30 студзеня, што рэформа неабходна, каб выратаваць французскую дзяржаўную пенсійную сістэму.
У 2010 годзе прэзідэнт (на той момант) Нікаля Сарказі павышаў пенсійны ўзрост у Францыі з 60 да 62 гадоў.-0-