Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
27 красавіка 2021, 13:57

З-за пандэміі COVID-19 больш за 50 млн дзяцей у свеце не атрымалі прышчэпкі ад небяспечных хвароб

27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З-за пандэміі COVID-19 больш за 50 млн дзяцей не атрымалі прышчэпкі ад небяспечных хвароб, такіх як дыфтэрыя, жоўтая ліхаманка і адзёр, паведамляецца на сайце Цэнтра навін ААН.

"Яшчэ да пандэміі з'явіліся трывожныя прыкметы таго, што мы пачынаем страчваць пазіцыі ў барацьбе з дзіцячымі хваробамі, якія можна прадухіляць. Ужо тады 20 млн дзяцей не атрымалі неабходныя прышчэпкі", - сказала выканаўчы дырэктар Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Генрыэта Фор.

Паводле даных ЮНІСЕФ, з-за пандэміі, якая выклікала значныя збоі ў рабоце сістэм аховы здароўя, аб'ёмы паставак вакцын па ўсім свеце скараціліся ў 2020 годзе да 2 млрд доз. У 2019 годзе гэты паказчык складаў 2,3 млрд доз. У 50 краінах былі адкладзены планавыя кампаніі вакцынацыі ад адру, поліяміеліту і жоўтай ліхаманкі.

Як адзначаюць эксперты СААЗ, вакцынацыя ад каранавіруса з'яўляецца на сённяшні дзень найважнейшай задачай, аднак гэта не павінна ўплываць на планавыя кампаніі імунізацыі, яны павінны праходзіць без адтэрміновак і збояў. У адваротным выпадку ў многіх краінах могуць адбыцца ўспышкі небяспечных захворванняў.

"Цяпер, калі вакцыны знаходзяцца ў цэнтры ўсеагульнай увагі, мы павінны скарыстацца гэтай магчымасцю і дапамагчы кожнаму дзіцяці навярстаць упушчанае і атрымаць прышчэпку ад адру, поліяміеліту і іншых захворванняў. Нельга страчваць ні хвіліны. Затрымкі ў кампаніях вакцынацыі азначаюць страчаныя жыцці", - сказала Генрыэта Фор.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі