Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
19 мая 2020, 16:25

Выбары Прэзідэнта Польшчы павінны адбыцца 28 чэрвеня

19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык заявіў, што прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца 28 чэрвеня. Паводле яго слоў, гэта апошні тэрмін, які гарантуе, што пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Анджэя Дуды Польшча не застанецца без прэзідэнта, паведамляе Польскае радыё.

"Правядзенне выбараў пазней, калі гаварыць аб першым туры, прывядзе да таго, што пасля 6 жніўня не будзе выбранага прэзідэнта Польшчы", - заявіў Міхал Дворчык.

10 мая ў Польшчы павінны былі прайсці чарговыя прэзідэнцкія выбары. Аднак з-за пандэміі і палітычных супярэчнасцей унутры кіруючай кааліцыі і з апазіцыяй улады не змаглі арганізаваць галасаванне своечасова. У выніку Дзяржаўная выбарчая камісія аб'явіла выбары неправедзенымі.

Як паведамляе ТАСС, цяпер парламент Польшчы працуе над законам аб правядзенні выбараў ва ўмовах пандэміі па змешаным прынцыпе - з арганізацыяй выбарчых участкаў і пры дапамозе пошты для тых, хто знаходзіцца на каранціне і ўсіх жадаючых. У законе ёсць палажэнне аб тым, што раней зарэгістраваныя кандыдаты змогуць прадоўжыць барацьбу, а новыя жадаючыя - у яе ўступіць, сабраўшы 100 тыс. подпісаў у сваю падтрымку. 19 мая ў Сенаце Польшчы адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў фракцый, прысвечаная прэзідэнцкім выбарам, а ўжо 22 мая адпаведны законапраект паступіць на разгляд трох сенацкіх камісій.

6 жніўня заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў дзеючага прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, які балаціруецца на другі тэрмін на будучых выбарах. Калі ў першым туры выбараў ніхто з кандыдатаў не набярэ больш за 50 працэнтаў галасоў, праз два тыдні павінен прайсці другі тур з удзелам двух кандыдатаў, якія набралі большасць галасоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі