Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
30 чэрвеня 2020, 10:48

Вучоныя звязваюць рызыку заражэння каранавірусам з генетычнай схільнасцю чалавека

30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рызыка заражэння каранавіруснай інфекцыяй і цяжкі ход выкліканага ёю захворвання звязаны з індывідуальнай генетычнай схільнасцю чалавека. Аб гэтым расказаў кіраўнік лабараторыі малекулярнай генетыкі чалавека, прафесар Белгародскага дзяржаўнага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта (НДУ БелДУ) Міхаіл Чурносаў, паведамляе ТАСС.

"Чаму адны заражаюцца, хварэюць цяжка, а іншыя - не? Адно з тлумачэнняў: індывідуальныя генетычныя асаблівасці чалавека, якія ў тым ліку вызначаюць работу пэўных ферментаў, у прыватнасці ангіатэнзінператваральнага ферменту. Каля 90 працэнтаў захворванняў чалавека маюць генетычную прыроду, у тым ліку схільнасць да інфекцыйных захворванняў, у дадзеным выпадку - да каранавіруса. Адны да яго больш успрымальныя, другія менш, і ход захворвання таксама вызначаецца генетычнымі фактарамі", - сказаў Міхаіл Чурносаў.

Ангіатэнзінператваральны фермент з'яўляецца асаблівым ферментам, дзякуючы якому ў арганізме падтрымліваецца водна-салявы баланс і нармальны артэрыяльны ціск. Сляды ангіатэнзінператваральнага ферменту знаходзяцца ва ўсіх тканках чалавечага арганізма і ў крыві.

Паводле слоў Міхаіла Чурносава, ужо вядома, што людзі з другой групай крыві найбольш схільныя да заражэння каранавірусам. "У дадзеным выпадку група крыві з'яўляецца генетычным маркерам побач размешчаных генаў, якія вызначаюць рэакцыі арганізма на розныя знешнеасяродкавыя аб'екты. Фактарам, які вызначае схільнасць да вельмі цяжкага ходу захворвання з-за заражэння каранавірусам, з'яўляецца і наяўнасць цяжкай саматычнай паталогіі: цукровага дыябету, атлусцення і гэтак далей - захворванняў, таксама маючых генетычную прыроду. Сёння ўжо гучаць факты, што рэцэптары ангіатэнзінператваральнага ферменту, якія вызначаюць схільнасць да паражэння каранавірусам, уключаны і ў развіццё атлусцення, гіпертанічнай хваробы, цукровага дыябету", - расказаў Міхаіл Чурносаў.

Вучоны не выключыў, што ў перспектыве ў лабараторыі малекулярнай генетыкі чалавека ў НДУ БелДУ пройдуць даследаванні наконт генетычнай схільнасці да заражэння каранавірусам.

З пачатку пандэміі каранавірусам у свеце заразіліся больш за 10,1 млн чалавек, звыш 500 тыс. памерлі. У Расіі, паводле даных федэральнага аператыўнага штаба па барацьбе з каранавірусам, зарэгістравана 641156 выпадкаў заражэння, выздаравелі 403430 чалавек, памерлі 9166.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі