Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
13 верасня 2021, 17:34

Вялікабрытанія пачала выпрабаванне новага тэста для ранняй дыягностыкі раку

13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная служба аховы здароўя Вялікабрытаніі аб'явіла, што пачынае поўнамаштабнае выпрабаванне новага метаду ранняй дыягностыкі больш як 50 разнавіднасцей раку. Чакаецца, што пры дапамозе аналізу крыві можна будзе ўстанаўліваць наяўнасць хваробы да з'яўлення ў чалавека першых сімптомаў, паведамляе ВВС.

У даследаванні, якое прадоўжыцца два гады, прымуць удзел 140 тыс. добраахвотнікаў ва ўзросце ад 50 да 77 гадоў.

У іх возьмуць аналізы крыві, затым запросяць здаць паўторныя аналізы праз год і праз два гады. Тэмт будзе прыменены толькі да палавіны з першапачатковых сабраных проб крыві - другая палавіна складзе кантрольную групу для праверкі эфектыўнасці тэста.

"Тэст можа здзейсніць рэвалюцыю ў дыягностыцы раку, - заявіў кіраўнік праграмы прафесар анкалогіі Каралеўскага каледжа ў Лондане Пітэр Сасіені. - Калі рак удаецца выявіць на ранняй стадыі, гэта рэзка павялічвае шанцы на вылечванне пухліны".

Цяпер рак дыягнастуюць шляхам здачы часцінкі тканкі на біяхімічнае даследаванне (біяпсію), чаго без сімптомаў ніхто не робіць. Па-першае, у шэрагу выпадкаў гэта складаная працэдура, асабліва ў прымяненні да раку лёгкіх, мачавога пузыра і прастаты, а па-другое, невядома, дзе шукаць.

Новы метад заснаваны на выяўленні ранніх змен у структуры ДНК крывяных клетак. Ён створаны біятэхналагічным стартапам "Грааль", заснаваным у 2015 годзе ў Сан-Францыска спецыяльна для распрацоўкі спосабаў ранняй дыягностыкі раку. Нядаўна яго купіла за $1,7 млрд амерыканская фармацэўтычная кампанія Illumina Inc.

Сам тэст вядомы як Galleri. У ЗША ён прапануецца для пацыентаў з павышанай рызыкай ракавых захворванняў, у прыватнасці для тых, хто старэйшы за 50 гадоў. Федэральнае ўпраўленне харчовых прадуктаў і лекавых сродкаў яго яшчэ не сертыфікавала, таму большасць страхавых кампаній яго кошт не пакрываюць.

"Пошук тэхналогій дыягностыкі раку пры дапамозе аналізаў крыві вядзецца ва ўсім свеце, але дагэтуль ён знаходзіўся на даследчай стадыі. Цяпер мы з партнёрамі пачынаем разгорнутае выпрабаванне, самае маштабнае ў гісторыі. Новы метад з'яўляецца асабліва перспектыўным для дыягностыкі тых відаў раку, якія доўга не праяўляюць відавочных прыкмет і сімптомаў", - заявіла Бі-бі-сі дырэктар па анкалогіі Нацыянальнай службы аховы здароўя Кэлі Палмер.

Самым распаўсюджаным у Брытаніі анкалагічным захворваннем з'яўляецца рак лёгкіх, на які прыпадае 20 працэнтаў усіх смяротных зыходаў. Злаякасныя пухліны лёгкіх, мачавога пузыра, прастаты і грудзей у сукупнасці з'яўляюцца прычынай 45 працэнтаў смерцяў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі