Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
05 студзеня 2024, 11:54

Ва Украіне абмяркоўваюць ідэю вызваляць ад мабілізацыі людзей з высокай зарплатай

Фота з архіва
Фота з архіва
5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Украінскія ўлады разглядаюць ініцыятыву браніраваць (вызваляць) ад мабілізацыі людзей з высокім узроўнем зарплаты. Аб гэтым піша выданне "Краіна".

Новы механізм браніравання сталі разглядаць пасля падачы ў Вярхоўную Раду Украіны новага законапраекта аб мабілізацыі, які ў хуткім часе плануюць прыняць. Паводле даных выдання Forbes, якое спасылаецца на крыніцы ў Офісе ўкраінскага прэзідэнта і дзвюх фракцыях, ва Украіне крытэрыем для браніравання ваеннаабавязаных можа стаць выплата падаткаў з афіцыйнай зарплаты або даходаў. Цяпер механізм браніравання даступны толькі для работнікаў прадпрыемстваў са статусам крытычна важных.

Адзначаецца, што на абмеркаванні знаходзіцца ідэя браніравання ад мабілізацыі для фізічных асоб, якія выплачваюць у месяц ПДФА на ўзроўні 6 тыс. грывень, гэта значыць са штомесячным акладам амаль 33400 грывень, або каля $ 880 (без выліку таго, што наёмны ўкраінскі работнік выплачвае 1,5 працэнта ваеннага збору). Каменціраваць інфармацыю афіцыйна прадстаўнікі ўкраінскай кіруючай партыі "Слуга народа" адмовіліся.

Раней былы міністр эканомікі Украіны Цімафей Мілаванаў прапанаваў разыгрываць павесткі ў латарэю або жараб'ёўкай па дні і месяцы нараджэння. Дэпутат партыі "Слуга народа" Мар'яна Бязуглая нядаўна апублікавала ў сацсетках апытанне, у якім цікавілася ў сваіх падпісчыкаў, ці падтрымліваюць яны магчымасць плаціць грошы за браню ад мабілізацыі.

Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны (УСУ) Валерый Залужны на абмеркаванні закона аб мабілізацыі ў Вярхоўнай Радзе, што стартавала 4 студзеня, заявіў аб цяжкай сітуацыі з асабовым складам. "Кім мне ваяваць? Ці звяртацца да свету і там прасіць людзей, або вы ідзіце змагайцеся, калі не забяспечыце", - сказаў ён. 8 студзеня парламенцкі камітэт павінен будзе вынесці рашэнне наконт далейшага лёсу законапраекта. Газета Financial Times зноў указала на наяўнасць канфлікту паміж украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім і галоўнакамандуючым УСУ Валерыем Залужным, але ўжо ў кантэксце з'яўлення законапраекта аб узмацненні мабілізацыі. "Ніводны з бакоў, відаць, не жадае браць на сябе поўную адказнасць за заклік соцень тысяч украінцаў, якія, магчыма, супраціўляюцца служыць у змрочнай, знясільваючай вайне... Улічваючы рызыку грамадскай рэакцыі, задача падрыхтоўкі людзей для ўзброеных сіл стала ў Кіеве нечым накшталт гарачай бульбы, якую перакідваюць адзін аднаму палітычныя лідары Украіны і яе вышэйшыя ваенныя камандзіры", - гаворыцца ў матэрыяле FT.

Украінскія ўлады, у тым ліку прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, заяўлялі аб неабходнасці мабілізаваць не менш як 400-500 тыс. чалавек. У нядаўнім інтэрв'ю The Economist Зяленскі сказаў, што Захад страціў пачуццё неадкладнасці дапамогі Кіеву, а многія ўкраінцы страцілі пачуццё экзістэнцыяльнай пагрозы. Паводле яго слоў, мабілізацыя ўкраінскага грамадства і краін свету, якая была ў пачатку канфлікту, сёння адсутнічае, і гэта трэба змяніць, неабходна "мабілізацыя ўсіх намаганняў".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі