Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
12 лістапада 2019, 17:31

Урад Малдовы на чале з Маяй Санду адпраўлены ў адстаўку

12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кабінет міністраў Малдовы на чале з прэм'ерам Маяй Санду адпраўлены ў адстаўку, паведамляе інфармацыйнае агенцтва MOLDPRES.

Удакладняецца, што за вотум недавер'я кабміну прагаласавалі 63 дэпутаты ад Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова (ПСРМ) і Дэмакратычнай партыі Малдовы (ДПМ). Народныя выбраннікі ад партыі "Шор" устрымаліся ад галасавання.

Да дэбатаў адносна вотуму недавер'я Мая Санду выступіла перад дэпутатамі з прамовай, у якой расказала аб дасягненнях кабінета міністраў за пяць месяцаў работы і абагульніла цяперашнюю палітычную сітуацыю. Яна заклікала дэпутатаў быць справядлівымі ў сваіх рашэннях і не глядзець на дзейнасць выканаўчай улады скрозь прызму вузкіх інтарэсаў.

Як паведамляе ТАСС, у чэрвені гэтага года сацпартыя Малдовы сфарміравала парламенцкую большасць з блокам Acum, адным з лідараў якога з'яўляецца Мая Санду. Канфлікт у кааліцыі ўзнік вакол выбараў новага генеральнага пракурора. 6 лістапада ўрад рэспублікі пад сваю адказнасць унёс папраўкі ў закон аб пракуратуры, якія фактычна замацоўваюць за прэм'ерам права вызначаць кандыдата на гэту пасаду. У ПСРМ выказаліся супраць, растлумачыўшы, што ініцыятыва ўрада не абмяркоўвалася ў кааліцыі і з'яўляецца фактычна ўльтыматумам. Акрамя таго, юрысты партыі палічылі, што папраўкі супярэчаць Канстытуцыі. 8 лістапада фракцыя ПСРМ выставіла вотум недавер'я ўраду і запатрабавала ад прэм'ер-міністра адклікаць праект закона.

Пасля адстаўкі кабінета міністраў на чале з Маяй Санду ў дэпутатаў ёсць тры месяцы, каб назначыць новы ўрад. Згодна з дзеючым заканадаўствам Малдовы, прэм'ер-міністр падае ў адстаўку на працягу трох дзён. Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы павінен пачаць кансультацыі з парламенцкімі фракцыямі, у час якіх будуць вылучаны прапановы аб назначэнні новага ўрада. Калі на працягу трох месяцаў не будзе сфарміраваны новы кабінет міністраў, адбудуцца датэрміновыя выбары.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі