
23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная медыцынская гуманітарная арганізацыя "Урачы без меж" (MSF) заявіла, што Еўрапейскі Саюз абмяжоўвае роўны доступ да вакцын ад COVID-19 у свеце, паведамляе партал ReliefWeb.
Напярэдадні пасяджэння Еўрапейскага савета 25-26 лютага арганізацыя "Урачы без меж" заклікала Еўрапейскі Саюз прыняць тэрміновыя меры для забеспячэння больш шырокага глабальнага доступу да вакцын супраць COVID-19, адзначыўшы, што ЕС павінен садзейнічаць перадачы медыцынскіх і вакцынных тэхналогій вытворцам з краін з сярэднім і нізкім узроўнем даходу.
У арганізацыі нагадалі, што на пачатковым этапе пандэміі лідары Еўрасаюза прапаноўвалі разглядаць вакцыны ад каранавіруса як "універсальнае сумеснае дабро", заклікаючы да іх шырокай вытворчасці ў свеце.
Тым не менш "ЕС зарэзерваваў для сябе мільярды доз вакцыны, што падрывае глабальны справядлівы доступ", - адзначылі ў арганізацыі.
"Тое, што ЕС перашкаджае намаганням па незалежнай вытворчасці і імпарце тавараў медыцынскага прызначэння, у той час як у большасці краін з нізкім і сярэднім узроўнем даходаў адсутнічаюць неабходныя інструменты для барацьбы з каранавірусам, з'яўляецца безадказным і незразумелым", - заявілі ў MSF.-0-