
30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Украіна прадставіла эмблему і агучыла слоган для песеннага конкурсу "Еўрабачанне-2017" у Кіеве. Аб гэтым паведамляецца на сайце канала UA:Першы.
Лозунгам мерапрыемства будзе словазлучэнне Celebrate Diversity (у перакладзе з англійскай мовы "святкаваць разнастайнасць"). Слоган Celebrate Diversity дапаўняе мінулагоднюю тэму Come Together (у перакладзе з англійскай "аб'ядноўваемся").
Адзначаецца, што слоган Celebrate Diversity арганічна дапаўняе эмблему цяперашняга конкурсу, у аснове якой традыцыйныя ўкраінскія каралі, што складаюцца з мноства пацерак.
Між тым, як паведамляе "Укрінфарм" са спасылкай на віцэ-прэм'ер-міністра Украіны Вячаслава Кірыленку, падрыхтоўка да "Еўрабачання-2017" ідзе ў планавым рэжыме, фінансаванне выдзелена, усе арганізацыйныя пытанні вырашаны. Вызначаны ўсе лакацыі, звязаныя з правядзеннем конкурсу, у тым ліку размяшчэнне месц адпачынку, Еўраклуба.
Вячаслаў Кірыленка таксама праінфармаваў, што 31 студзеня адбудзецца першая важная падзея, звязаная з "Еўрабачаннем-2017", - жараб'ёўка краін-удзельніц і цырымонія перадачы сімвалічнага ключа мэру Кіева ад мэра горада Стакгольма.-0-