Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
09 кастрычніка 2019, 13:14

У ЗША амаль 800 тыс. спажыўцоў могуць застацца без электрычнасці з-за рызыкі лясных пажараў

9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 800 тыс. каліфарнійскіх дамоў і прадпрыемстваў могуць быць пазбаўлены электразабеспячэння з-за планавага адключэння электраэнергіі ў сувязі з павышанай рызыкай узнікнення лясных пажараў. Аб гэтым паведамляе Reuters.

Прадстаўнікі амерыканскай камунальнай кампаніі Pacific Gas and Electric Co заявілі 8 кастрычніка, што ў мэтах грамадскай бяспекі плануецца адключэнне электразабеспячэння ў 34 акругах паўночнай і цэнтральнай Каліфорніі. Адключэнні пачнуцца 9 кастрычніка ў 00.00 па мясцовым часе (10.00 па мінскім часе) з паўночнай Каліфорніі, паколькі менавіта ў гэтай частцы ЗША прагназуюцца моцныя вятры. Потым электрычнасць пачнуць адключаць у іншых раёнах Каліфорніі.

Беспрэцэдэнтныя адключэнні электраэнергіі звязаны з тым, што прадстаўнікі кампаніі Pacific Gas and Electric Co апасаюцца масавага падзення дрэў на лініі электраперадачы з-за моцнага ветру. Гэта можа стаць прычынай узнікнення пажараў.

"Мы звярнуліся да кліентаў, каб яны былі гатовы да збояў, якія могуць доўжыцца некалькі дзён", - заяўлена прадстаўніком Pacific Gas and Electric Co.

Чакаецца, што ўстойлівыя штармавыя вятры з парывамі 31 м/с будуць назірацца ў штаце Каліфорнія да поўдня (па мясцовым часе) 10 кастрычніка. Кампанія Pacific Gas and Electric Co мяркуе, што пасля гэтага ёй на працягу некалькіх дзён давядзецца аднаўляць значную колькасць ліній электраперадачы.

Дэпартамент лясной гаспадаркі і пажарнай аховы Каліфорніі заявіў аб павелічэнні штату супрацоўнікаў пры падрыхтоўцы да экстрэмальнага надвор'я, паведамляе Associated Press.

Для тысяч каліфарнійскіх школьнікаў на час адключэння электраэнергіі адменены заняткі. Таксама заняткі часова адмянілі ў некаторых універсітэтах.

У лістападзе 2018 года на поўначы Каліфорніі адбыўся мацнейшы прыродны пажар, у выніку загінулі не менш як 85 чалавек. Полымя знішчыла звыш 14 тыс. дамоў, больш за 520 камерцыйных будынкаў і 4 тыс. іншых пабудоў, паведамляе ТАСС. Плошча выгаралай тэрыторыі склала больш за 620 кв. км. Бедства было справакавана непаладкамі ў рабоце ліній электраперадачы Pacific Gas and Electric Co ў раёне населенага пункта Пулга на поўначы Каліфорніі. Кампанія згадзілася выплаціць штраф у памеры $1 млрд.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі