7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У зону землетрасенняў у Турцыі з-за мяжы прыбылі ўжо 3 294 ратавальнікі. Аб гэтым паведаміў віцэ-прэзідэнт Турцыі Фуат Актай, перадае Агенцтва Анадолу.
Віцэ-прэзідэнт Турцыі праінфармаваў, што аб гатоўнасці аказаць краіне дапамогу заявілі 70 краін, прадстаўнікі 14 з іх ужо знаходзяцца ў зоне бедства.
Ён таксама паведаміў, што ў інтэрнатах Турцыі размешчаны 380 500 жыхароў з дзесяці турэцкіх правінцый, якія пацярпелі ад прыроднай катастрофы.
Акрамя таго, Фуат Актай аб'явіў аб 48-гадзіннай забароне на транспартныя зносіны з правінцыямі Хатай, Кахраманмараш і Адыяман, за выключэннем паставак грузаў.
У Турцыі 6 лютага адбыліся два разбуральныя землетрасенні магнітудай больш за 7,5. Акрамя таго, адбылося мноства паўторных падземных штуршкоў. 7 лютага зафіксавана яшчэ адно землетрасенне. Паводле апошніх даных, ахвярамі прыроднай катастрофы ў Турцыі сталі 3419 чалавек, раненні атрымалі 20 534 чалавекі. У краіне аб'яўлена сямідзённая агульнанацыянальная жалоба.-0-