Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
25 мая 2021, 12:40

У водах Грэнландыі выявілі высокі ўзровень ртуці

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Даследаванне Універсітэта штата Фларыда і Нямецкага даследчага цэнтра навук аб зямлі паказала, што вадаёмы, якія сілкуюцца ад Грэнландскага ледніка, маюць у сваім саставе вельмі высокі ўзровень ртуці, паведамляе "МІР 24" са спасылкай на часопіс Nature Geoscience.

Таксічны метал выявілі ў рэках і фіёрдах, куды паступае талая вада. Канцэнтрацыя ртуці была супастаўная з той, што назіраецца ў рэках прамысловых раёнаў Кітая.

Вучоныя ўзялі пробы вады з трох розных рэк і двух фіёрдаў побач з ледзяным шчытом. Першапачаткова яны хацелі вызначыць якасць талай вады і зразумець, як пажыўныя рэчывы ў ёй могуць падтрымліваць мясцовыя экасістэмы.

Аналізы паказалі, што ўзоры змяшчаюць ртуць. Гэта рэчыва прысутнічае амаль ва ўсіх вадаёмах, але яго колькасць, як правіла, не перасягае 1-10 нг (нанаграмаў), што эквівалентна адной крупінцы на алімпійскі басейн. Але ў грэнландскіх водах паказчык растворанай ртуці перасягнуў 150 нг. У ледніковай муцэ (асадку, які надае ледніковым рэкам белаватае адценне) ртуці аказалася яшчэ больш - амаль 2 тыс. нг.

Вучоныя расказалі, што гэта адкрыццё паставіла перад імі шэраг пытанняў: як ртуць будзе распаўсюджвацца далей у экасістэмах, адкуль яна ўзялася і наколькі небяспечная для жывых істот. Вядома, што леднікі, якія растаюць, прыносяць у акіян пажыўныя рэчывы, а нядаўна было выяўлена, што яны здольны экспартаваць і таксіны.

Новыя даныя паказваюць, да якіх непрадказальных наступстваў можа прывесці раставанне леднікоў. Цяпер ледзянымі шчытамі пакрыта каля 10 працэнтаў зямной паверхні. Вучоныя з многіх краін даследуюць, як іх знікненне паўплывае на крытычныя для жыцця на Зямлі біяхімічныя працэсы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі