Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
31 сакавіка 2021, 11:50

У Расіі зарэгістравалі першую ў свеце вакцыну супраць COVID-19 для жывёл

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая ў свеце вакцына супраць каранавіруса новага тыпу для жывёл, распрацаваная вучонымі Рассельгаснагляду, зарэгістравана ў Расіі. Аб гэтым журналістам заявіў намеснік кіраўніка нагляднага ведамства Канстанцін Савянкоў, паведамляе ТАСС.

"Вакцына супраць каранавіруснай інфекцыі (COVID-19) драпежных жывёл сарбіраваная інактываваная "Карнівак-Ков", распрацаваная падведамным Рассельгаснагляду ФДБУ "Федэральны цэнтр аховы здороўя жывёл" (ФДБУ "УНДІАЖ"), зарэгістравана ў Расіі. Яна з'яўляецца першым і на сённяшні дзень адзіным у свеце прафілактычным прэпаратам ад COVID-19 для жывёл", - сказаў Канстанцін Савянкоў.

Паводле яго слоў, ужо ў красавіку можа быць запушчана масавая вытворчасць вакцыны на базе буйнейшай у краіне платформы па вытворчасці прэпаратаў для жывёл Федэральнага цэнтра аховы здароўя жывёл. Ён дадаў, што ў клінічных выпрабаваннях вакцыны, што стартавалі ў кастрычніку мінулага года, былі задзейнічаны сабакі, кошкі, пясцы, норкі, лісы і іншыя жывёлы. "Вынікі даследаванняў дазваляюць зрабіць заключэнне аб бясшкоднасці вакцыны і аб яе высокай імунагеннай актыўнасці, паколькі ва ўсіх выпрабавальных вакцынаваных жывёл у 100 працэнтах выпадкаў былі выпрацаваны антыцелы да каранавіруса", - запэўніў эксперт.

Канстанцін Савянкоў таксама адзначыў, што вучоныя Рассельгаснагляду прадаўжаюць вывучаць, на які тэрмін выпрацоўваецца імунітэт пасля ўвядзення прэпарату. "На сённяшні дзень гэты паказчык складае не менш як шэсць месяцаў", - сказаў ён.

Цікавасць да расійскай распрацоўкі праяўляюць іншыя краіны, у тым ліку Грэцыя, Польшча, Аўстрыя, а таксама ЗША, Канада і Сінгапур. "У сувязі з рэгістрацыяй выпадкаў захворвання жывёл COVID-19 у многіх краінах вакцыну, распрацаваную ФДБУ "УНДІАЖ", плануюць набываць як айчынныя зверагадоўчыя гаспадаркі, так і камерцыйныя структуры з Грэцыі, Польшчы і Аўстрыі. Цікавасць да "Карнівак-Ков праяўляюць і прадпрыемствы з ЗША, Канады і Сінгапура", - паведаміў Канстанцін Савянкоў.

Паводле яго слоў, вакцына мае асаблівую важнасць, паколькі, як адзначае Сусветная арганізацыя аховы здароўя жывёл (МЭБ), некаторыя віды жывёл успрымальныя да COVID-19. Выпадкі выяўлення гэтага захворвання зарэгістраваны ў многіх краінах, якія штотыднёва паведамляюць МЭБ аб новых выпадках заражэння. На мінулым тыдні МЭБ атрымала звесткі аб выяўленні каранавіруснай інфекцыі ў трох хатніх гадаванцаў у Мексіцы і адным у Італіі, прывёў прыклад намеснік кіраўніка Рассельгаснагляду.

Ён таксама нагадаў, што тыдзень таму афіцыйныя крыніцы Аргенціны заявілі аб рэгістрацыі захворвання ў чатырох сабак і кошак. Акрамя таго, у 2020 годзе фіксаваліся масавыя выяўленні COVID-19 на норкавых фермах. У прыватнасці, заражэнні вірусам, які муціраваў, былі выяўлены ў большасці зверагадоўчых гаспадарак Даніі, у сувязі з чым улады краіны прынялі рашэнне аб масавым знішчэнні гэтых жывёл. Паводле слоў Канстанціна Савянкова, у Расіі да гэтага моманту афіцыйна ўстаноўлены два факты заражэння кошак новай каранавіруснай інфекцыяй: у Маскве і Цюмені.

"Прымяненне вакцыны, на думку расійскіх вучоных, можа перасцерагчы развіццё мутацый віруса, якія часцей за ўсё адбываюцца пры міжвідавой перадачы ўзбуджальніка. Пры гэтым варта адзначыць, што навуковага доказу перадачы новай каранавіруснай інфекцыі ад жывёл людзям няма, аб гэтым не раз паведамляла Сусветная арганізацыя аховы здароўя", - сказаў Канстанцін Савянкоў. Ён дадаў, што жывёлы могуць заражацца і некаторымі іншымі відамі з сямейства каранавірусаў, адрознымі ад COVID-19.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі