5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У раёне крушэння самалёта Ан-12 пад Іркуцкам знойдзены астанкі ўсіх дзевяці загінулых, паведамляе РІА "Навіны" са спасылкай на прадстаўніка экстранных службаў.
"У Іркуцкім абласным бюро судмедэкспертызы пацверджана знаходжанне цел і астанкаў усіх дзевяці загінулых", - сказаў субяседнік агенцтва.
Самалёт Ан-12 беларускай авіякампаніі "Гродна", які вяртаўся ў аэрапорт базіравання пасля перавозкі прадуктаў на Чукотку, прапаў з радараў вечарам 3 лістапада на падлёце да Іркуцка. Ратавальнікі знайшлі месца падзення самалёта ў раёне пасёлка Піваварыха недалёка ад іркуцкага аэрапорта, паветранае судна гарэла. Ноччу на месцы авіякатастрофы працавалі ратавальнікі, СК РФ і пракуратура. Устаноўлена, што на борце знаходзіліся дзевяць чалавек, знойдзены целы шасці чалавек і чатыры фрагменты цел. Паводле ўдакладненых даных, з дзевяці чалавек - пяць членаў экіпажа і чатыры суправаджальнікі грузу. З іх чатыры чалавекі - грамадзяне Расіі, тры - грамадзяне Беларусі і два грамадзяніны Украіны.
Заведзена крымінальная справа па артыкуле аб парушэнні правіл бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту. Следствам разглядаюцца тры версіі прычын крушэння самалёта: памылка пілатавання, умовы надвор'я, а таксама тэхнічная няспраўнасць паветранага судна.-0-