
27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У шэрагу рэгіёнаў Польшчы жыхары становяцца ў чэргі за вугалем, паведамляе ТАСС са спасылкай на польскі партал навін Onet. Такая сітуацыя склалася на фоне забароны на імпарт вугалю з Беларусі і Расіі.
У прыватнасці, у населеным пункце Гожыцы Вэлькі каля вугальнага склада з'явілася чарга з больш як 100 аўтамабіляў. І гэта нягледзячы на тое, што продаж вугалю пачынаецца 28 мая.
Паводле інфармацыі Onet, нягледзячы на заканчэнне ацяпляльнага сезона, павышаны попыт на вугаль фіксуецца ў Польшчы паўсюль. Пры гэтым у краіне ўжо назіраецца дэфіцыт - людзям даводзіцца купляць вугаль у перакупшчыкаў па завышаных у 2-3 разы цэнах.
Партал адзначае: прычынай ажыятажнага попыту стала забарона на куплю расійскага вугалю. Польскія ўлады таксама забаранілі імпарт і транзіт па сваёй тэрыторыі вугалю з Беларусі.
ЕС імпартуе з Расійскай Федэрацыі каля 40 працэнтаў газу, 27 працэнтаў нафты і 46 працэнтаў вугалю, неабходнага краінам супольнасці. Забарона на імпарт вугалю стала адной з абмежавальных мер, уведзеных супраць Расіі.-0-