
12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надыходзячая зіма можа аказацца самай суровай для Польшчы за многія гады з-за нарастаючага энергетычнага крызісу, эканамічныя і сацыяльныя наступствы якога будуць адчувацца яшчэ доўгі час. Аб гэтым заявілі ў Польскай гандлёвай палаце вуглепрадаўцоў (IGSPW), паведамляе інфармацыйны партал SlaskiBiznes.pl.
У IGSPW адзначылі, што Польшча сутыкнецца з вялікай рызыкай недахопу вугалю будучай зімой. Паводле ацэнак арганізацыі, нягледзячы на меры, прынятыя ўрадам, да канца бягучага года можа не хапіць прыкладна 4-6 млн т вугалю, з якіх каля 2,5 млн т прыпадае на ацяпляльныя патрэбы.
"Нягледзячы на шматлікія заявы аб павелічэнні здабычы вугалю ў Польшчы, яна ўпала на 0,9 працэнта ў гадавым вылічэнні", - піша партал, спасылаючыся на даныя Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення краіны.
Акрамя таго, адзначаецца, што ўзровень запасаў вугалю ў адвалах рэзка знізіўся. Так, у ліпені 2021 года ў адвалах знаходзілася больш за 4,9 млн т вугалю, а на канец ліпеня бягучага года - каля 1,2 млн т.
Паводле даных IGSPW, сітуацыя на польскіх вугальных складах цяпер жудасная. Вуглегандлёвыя кампаніі практычна поўнасцю адрэзаны ад айчыннай сыравіны, паколькі змянілася мадэль збыту, а імпартны вугаль надзвычай дарагі.
"Прычынай такога стану спраў з'яўляецца ўведзенае без падрыхтоўкі эмбарга на расійскі вугаль, што прынесла больш шкоды, чым карысці", - падкрэслілі ў IGSPW. Таксама ў арганізацыі дадалі, што эмбарга, уплыў якога істотна не паўплывала на Расію, вельмі моцна ўдарыла па рынку вугалю ў Польшчы, узняўшы цэны на сыравіну да "астранамічных значэнняў" і паставіўшы пад пагрозу закрыцця сотні польскіх прадпрыемстваў.
Нягледзячы на недахоп вугалю, у першым паўгоддзі бягучага года Польшча экспартавала каля 1 млн т гэтай сыравіны і па-ранейшаму прадаўжае экспарт.
Прэзідэнт Польскай горна-прамысловай палаты Януш Альшоўскі лічыць, што ўжо ў бліжэйшы час краіна можа сутыкнуцца з дэфіцытам электраэнергіі, паколькі 70 працэнтаў энергіі ў Польшчы вырабляецца з вугалю.
"Мы дапусцілі памылку, пачаўшы адыходзіць ад вугалю і абмежаваўшы як інвестыцыі ў здабычу, так і вытворчыя магутнасці, перш чым удалося забяспечыць энергетычную бяспеку насельніцтва", - канстатаваў ён.
Пры гэтым эксперты папярэджваюць, што недахоп вугалю, які пагражае мільёнам польскіх дамашніх гаспадарак, гэта толькі верхавіна айсберга будучага энергетычнага крызісу.-0-