Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
05 жніўня 2019, 17:40

У МНС Расіі назвалі асноўную прычыну пажараў у Сібіры

5 жніўня, Масква /БЕЛТА - ТАСС/. Асноўная прычына прыродных пажараў у Сібіры - неасцярожнае абыходжанне з агнём, на гэта ўказвае размяшчэнне большай часткі ачагоў узгарання каля дарог, паведамілі ў прэс-службе МНС РФ па выніках селектарнай нарады.

"Праведзеная авіяразведка паказала, што большая частка ачагоў прыродных пажараў размешчана паблізу дарог. Гэта дае падставу выказаць меркаванне, што асноўнай прычынай узнікнення прыродных пажараў стала неасцярожнае абыходжанне чалавека з агнём", - сказаў прадстаўнік міністэрства.

Раней прычынамі большасці пажараў называлі гарачае надвор'е, адсутнасць ападкаў і сухія навальніцы.

Як адзначыў на нарадзе кіраўнік МНС Расіі Яўген Зінічаў, неабходна прадаўжаць растлумачальную работу з насельніцтвам.

У прэс-службе ведамства таксама паведамілі, што плошча лясных пажараў у Сібіры і на Далёкім Усходзе скарацілася на чвэрць.

"Узмацненне групоўкі ў Сібірскай і Далёкаўсходняй федэральных акругах падраздзяленнямі МНС РФ і Мінабароны дало магчымасць за тыдзень ліквідаваць прыродныя пажары на тэрыторыі больш за 1 млн га. Ліквідаваны ўсе прыродныя пажары на асабліва ахоўных тэрыторыях. Такім чынам, агульная плошча пажараў з 30 ліпеня скарацілася на 25 працэнтаў", - сказалі ў ведамстве.

Паводле даных, якія прывялі ў МНС, плошча актыўнага гарэння складае на гэты момант каля 57 тыс. га, на тушэнні гэтых ачагоў сканцэнтраваны асноўныя сілы пажарных. Міністэрства ўзяло на асаблівы кантроль два лясныя пажары, якія дзейнічаюць за 5 км ад населеных пунктаў у Іркуцкай вобласці. "Пагрозы для населеных пунктаў і аб'ектаў эканомікі няма", - адзначылі ў прэс-службе.

Агульная групоўка, задзейнічаная ў ліквідацыі лясных пажараў, складае больш за 4 тыс. чалавек і 400 адзінак тэхнікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі