Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
01 снежня 2020, 09:51

У Казахстане адзначаецца Дзень першага прэзідэнта

1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Рэспубліцы Казахстан святкуюць Дзень першага прэзідэнта. Гэта свята адзначаецца ў гонар прызнання заслуг першага прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева і адлюстроўвае поспехі і дасягненні суверэннага Казахстана з моманту атрымання незалежнасці, паведамляе БЕЛТА.

1 снежня 1991 года прэзідэнтам Казахстана ўсенародным галасаваннем быў выбраны Нурсултан Назарбаеў. Раней, 24 красавіка 1990 года, за яго выбранне на пасаду прэзідэнта Казахскай ССР прагаласавалі дэпутаты Вярхоўнага Савета. Палітыка Нурсултана Назарбаева кансалідавала казахстанскае грамадства і накіравала яго сілы на рэалізацыю сфарміраванай у краіне мадэлі развіцця.

Сам Нурсултан Назарбаеў аднёс прэзідэнцкія выбары 1991 года да аднаго з трох важнейшых рубяжоў, пройдзеных Казахстанам у перыяд атрымання незалежнасці, разам з падпісаннем указа аб закрыцці Сяміпалацінскага ядзернага палігона і прыняццем канстытуцыйнага закона "Аб дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікі Казахстан".

Дзень першага прэзідэнта, які адзначаецца штогод, быў заснаваны па ініцыятыве групы дэпутатаў Сената 14 снежня 2011 года. Парламентарыі абгрунтавалі гэта тым, што пад кіраўніцтвам Нурсултана Назарбаева Казахстан пераадолеў шмат цяжкасцей на шляху станаўлення дзяржаўнасці, умацавання адзінства нацыі, стварэння рыначнай эканомікі. Шырокія паўнамоцтвы, дадзеныя першаму прэзідэнту народам, дазволілі Нурсултану Назарбаеву ў складаны гістарычны момант выдаць важнейшыя дзяржаўныя акты, якія забяспечвалі рэальны суверэнітэт Казахстана.

Нурсултан Назарбаеў. Фота КАЗІНФАРМ

Палітыка прэзідэнта заўсёды была накіравана ў першую чаргу на падтрыманне міру і згоды ў грамадстве. Дзякуючы ёй у Казахстане склалася свая мадэль нацыянальнага адзінства, міжэтнічнай і міжканфесійнай талерантнасці.

У 1997 годзе першы прэзідэнт паставіў задачы ў палітычным, эканамічным і сацыяльным развіцці краіны, аформленыя ў стратэгію развіцця "Казахстан-2030". Рэформы, прадугледжаныя гэтым дакументам, былі накіраваны на макраэканамічную стабілізацыю, удасканаленне заканадаўства, фінансавай сістэмы, сацыяльнай сферы і вытворчага сектара, уключаючы дэманапалізацыю, прыватызацыю і санацыю прадпрыемстваў. Адным з важнейшых пунктаў стратэгіі было прыцягненне ў краіну інвестыцый. Згодна са стратэгіяй былі рэалізаваны стабілізацыйныя праграмы, палепшана транспартная інфраструктура, створаны Нацыянальны фонд і пачата еўразійская эканамічная інтэграцыя.

У снежні 2012 года, выступаючы з чарговым Пасланнем народу, прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў аб'явіў аб датэрміновым завяршэнні плана "Казахстан-2030" і прыняцці новай нацыянальнай стратэгіі да 2050 года. Ён паставіў задачу: Казахстан да 2050 года павінен увайсці ў лік 30 самых развітых дзяржаў свету. І паказаў шляхі дасягнення гэтай мэты.

Роля і заслугі Нурсултана Назарбаева ў станаўленні незалежнага Казахстана ацэнены краінай. У 2010 годзе парламент Казахстана заканадаўча надзяліў Нурсултана Назарбаева статусам першага прэзідэнта - лідара нацыі з правам да канца жыцця захоўваць уладныя паўнамоцтвы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі