Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
14 мая 2020, 16:56

У Грузіі з 18 мая адкрыюцца салоны прыгажосці

14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Салоны прыгажосці і цэнтры эстэтычнай медыцыны ў Грузіі, якія былі закрыты два месяцы з-за пагрозы распаўсюджвання COVID-19, адновяць работу з 18 мая. Аб гэтым 14 мая на пасяджэнні ўрада заявіў прэм'ер-міністр краіны Георгій Гахарыя, паведамляе грузінскае інфармацыйнае агенцтва Black Sea Press.

"Зыходзячы з эпідэміялагічнага становішча, мы можам паскорыць некалькі этапаў і раней зрабіць захады па адкрыцці эканомікі. Мы прынялі рашэнне аб тым, што з 18 мая адкрыюцца салоны прыгажосці і эстэтычныя салоны", - заявіў Георгій Гахарыя.

Таксама з 18 мая ў Грузіі адмяняецца забарона на сходы больш за тры чалавекі. Гэта не закране колькасці людзей у аўтамабілях, гэта значыць па-ранейшаму будзе дзейнічаць правіла: не больш за тры чалавекі ў салоне, уключаючы вадзіцеля, двое пасажыраў - толькі на заднім сядзенні. Таксама прадаўжаецца дзеянне каменданцкай гадзіны.

Урад Грузіі раней распрацаваў план зняцця абмежаванняў, які складаецца з шасці пунктаў. Пераход да новых этапаў адбываецца з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі. З 27 красавіка ў Грузіі дазволена перамяшчацца на легкавых аўтамабілях і таксі, пачалі работу інтэрнэт-магазіны, дазволена дастаўка любога тавару і работа аграрных рынкаў адкрытага тыпу. З 5 мая вярнуліся да работы будаўнічыя кампаніі, адкрыліся аўтамайстэрні і аўтамыйкі. З 11 мая адноўлены ўсе віды вытворчасці, а таксама работа аб'ектаў рознічнага і аптовага гандлю, у якіх ёсць уваход з вуліцы. Абмежаванні па-ранейшаму застаюцца ў сіле для магазінаў абутку і адзення, буйных гандлёвых цэнтраў.

З 14 мая для ўезду і выезду адкрыты Руставі і Гардабані. Абмежаванні на ўезд у Тбілісі і выезд з горада былі адменены 11 мая, а для Батумі і Кутаісі - 5 мая. 18 мая таксама адкрыецца Марнеульскі раён, дзе з 23 сакавіка строгі каранцін.

Чакаецца, што з 15 чэрвеня адновіцца ўнутраны турызм, а з 1 ліпеня Грузія пачне прымаць падарожнікаў з-за мяжы.

Паводле апошніх даных, у Грузіі пацверджана 652 выпадкі COVID-19, з моманту ўспышкі 12 чалавек памерлі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі