Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
21 кастрычніка 2020, 13:40

У Грузіі, Украіне, Польшчы, Літве і Чэхіі новыя сутачныя максімумы заражаных COVID-19

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Грузіі, Украіне, Польшчы, Літве і Чэхіі абнавіліся сутачныя максімумы заражаных COVID-19, паведамляе БЕЛТА.

За мінулыя суткі ў Грузіі быў выяўлены 1351 новы выпадак інфіцыравання каранавірусам, выздаравелі 337 пацыентаў, памерлі 14 чалавек, паведамляе грузінскае інфармацыйнае агенцтва Black Sea Press. Раней паказчык сутачнага прыросту інфіцыраваных у Грузіі склаў 1194. У агульнай колькасці ў краіне памерлі 172 пацыенты з COVID-19.

Ва Украіне за апошнія суткі зафіксаваны два антырэкорды па COVID-19: максімальная колькасць новых выпадкаў хворых і максімальная колькасць памерлых за суткі. Аб гэтым паведамляе УНН са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя краіны. Так, за мінулыя суткі ва Украіне COVID-19 пацверджаны ў 6719 чалавек, памёр 141 заражаны. З пачатку пандэміі ва Украіне зафіксаваны 315 826 хворых COVID-19. Папярэдні антырэкорд па прыросце выпадкаў за суткі быў на мінулым тыдні - больш за 6,4 тыс. Раней тое, што прырост новых хворых за суткі перасягне 5 тыс., прагназавалі ў Міністэрстве аховы здароўя краіны, указваючы на неабходнасць выконваць каранцін.

Рэкордныя 10 040 новых выпадкаў заражэння COVID-19 зафіксаваны 21 кастрычніка ў Польшчы, паведамляе польскі інфармацыйны партал Радыё RMF FM. Памерлі за апошнія суткі 130 пацыентаў. Агульная колькасць заражаных у краіне ўзрасла да 202 579, з моманту ўспышкі памёр 3851 хворы.

У Літве за мінулыя суткі выяўлена 311 выпадкаў заражэння каранавірусам, 20 з іх зафіксаваны ў доме сацыяльнай дапамогі Blinstrubiskes, паведамляе Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачанне. Агульная колькасць заражаных у краіне ўзрасла да 8239, з моманту ўспышкі памерлі 120 чалавек (двое за апошнія суткі).

У Чэхіі 20 кастрычніка былі выяўлены 11 984 новыя выпадкі заражэння каранавірусам, што стала самым высокім сутачным паказчыкам з пачатку эпідэміі, паведамляе "Радыё Прага". Паводле даных Міністэрства аховы здароўя Чэшскай Рэспублікі, на гэты час у краіне налічваецца 113 тыс. чалавек у актыўнай фазе хваробы, шпіталізаваны больш за 4 тыс. заражаных, 634 з іх у цяжкім стане. З моманту ўспышкі памерлі 1619 інфіцыраваных. Цяпер у Чэхіі адзін з самых высокіх паказчыкаў па колькасці заражаных на душу насельніцтва сярод краін ЕС.

Каранавірус актыўна распаўсюджваецца і ў Заходняй Еўропе, у той час як улады ўводзяць новыя санітарныя абмежаванні, паведамляе Euronews. У нямецкім горадзе Берхтэсгадэн, дзе асабліва цяжкая сітуацыя, жыхарам забаранілі выходзіць на вуліцу без важкіх падстаў. Пакідаць свой дом можна дзеля работы, паходу да ўрача або для заняткаў спортам. Усе школы закрыты, бары і рэстараны прадаюць ежу навынас.

Італія следам за Францыяй уводзіць каменданцкую гадзіну ў некаторых рэгіёнах. У Ламбардыі з 22 кастрычніка нельга будзе выходзіць на вуліцу пасля 23.00 і да 5.00. Гэтыя абмежаванні будуць дзейнічаць як мінімум да сярэдзіны лістапада.

У Вялікабрытаніі тым часам ідзе палеміка аб неабходнасці больш строгіх абмежаванняў у Манчэстэры. Мэр Эндзі Бернхэм выступае супраць планаў урада аб'явіць у агламерацыі максімальны ўзровень эпідэмічнай небяспекі: ён апасаецца негатыўных наступстваў для бізнесу. У той жа час прэм'ер-міністр Злучанага Каралеўства Борыс Джонсан настойвае, што неабходны строгія забароны.

У Іспаніі чакаюць, што ўжо на гэтым тыдні будзе пераадолена адзнака 1 млн зарэгістраваных выпадкаў каранавіруса. На 21 кастрычніка ў краіне зафіксавана звыш 988 тыс. хворых. За апошнія суткі колькасць інфіцыраваных павялічылася амаль на 14 тыс. чалавек. Горш за ўсё сітуацыя на поўначы краіны, урад не выключае магчымасці ўвядзення там каменданцкай гадзіны. Пакуль самай стройгай мерай у Іспаніі стаў так званы перыметр ізаляцыі: некаторыя кварталы, гарады і раёны могуць быць аб'яўлены закрытай зонай. Такія абмежаванні ўведзены на гэтым тыдні ў Навары і Бургасе.

Агульная колькасць заражаных COVID-19 у свеце, паводле даных Reuters, перасягнула 40,74 млн, з моманту ўспышкі памерлі 1,122 млн чалавек. Найбольшая колькасць заражаных выяўлена ў ЗША (8,245 млн), Індыі (7,651 млн) і Бразіліі (5,273 млн).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі