25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Федэральнага сеткавага агенцтва ФРГ Клаус Мюлер знаходзіць нерэалістычнай мэту па запаўняльнасці газасховішчаў на 95 працэнтаў да 1 лістапада. Такую пазіцыю ён выказаў у час газавага саміту ў Штутгарце, паведамляе ТАСС.
Паводле слоў Мюлера, калі "Паўночны паток" і ў далейшым будзе задзейнічаны толькі на 40 працэнтаў ад максімальнай магутнасці, то ў лепшым выпадку ўдасца запоўніць газасховішчы на 80-85 працэнтаў.
Рэгулятар ФРГ адзначыў, што на гэты момант узровень запоўненасці газасховішчаў складае 65,9 працэнта, аднак у многіх суседніх краінах гэты паказчык ніжэйшы.
Пры гэтым мэтай урада ФРГ і Федэральнага сеткавага агенцтва з'яўляецца эканомія 20 працэнтаў газу, каб падрыхтавацца да зімы. "На гэты час мы эканомім каля 14 працэнтаў. Мы не зможам абысціся зімой без дадатковых намаганняў", - канстатаваў Мюлер.
Раней урад Германіі абавязаў аператараў запоўніць ПСГ на 80 працэнтаў да 1 кастрычніка і на 90 працэнтаў да 1 лістапада. Як паведаміў віцэ-канцлер ФРГ, міністр па справах эканомікі і абароны клімату Роберт Хабек, пазней было вырашана павысіць гэту планку на 5 працэнтаў як для кастрычніка, так і для лістапада. Кіраўнік ведамства таксама прадставіў шэраг мер, якія будуць прыняты для скарачэння аб'ёмаў спажывання газу. Плануецца не ацяпляць калідоры ў будынках грамадскага карыстання, тэхнічныя пакоі і памяшканні, якія не выкарыстоўваюцца на пастаяннай аснове. Акрамя таго, распрацаваны адпаведныя меры, якія даюць магчымасць эканоміць ацяпленне наймальнікам і ўладальнікам жылля.-0-