Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
23 кастрычніка 2020, 16:35

У Францыі прынялі комплекс тэрміновых мер супраць тэрактаў

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Французскія ўлады прынялі комплекс экстранных мер, каб не дапусціць новых тэрактаў на тэрыторыі краіны. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Францыі Жан Кастэкс, выступаючы па выніках пасяджэння Савета абароны і нацыянальнай бяспекі, паведамляе ТАСС.

"Па слядах тэракта, што адбыўся ў сталічным рэгіёне 16 кастрычніка, быў прыняты шэраг тэрміновых мер. Было вырашана правесці агляд 123 кватэр, з іх 56 правераны ўжо, - сказаў прэм'ер. - Разгледжаны 1279 паведамленняў на платформе "Фарос", якая збірае інфармацыю аб правапарушэннях. Гэта прывяло да затрымання 27 чалавек". Таксама закрыта мячэць у парыжскім прыгарадзе Пантэн, распушчана ісламісцкая групоўка "Шэйх Ясін".

Паводле слоў прэм'ера, каб пазбегнуць паўтарэння трагедыі, будзе ўзмоцнена ахова служачых, што падвяргаюцца пагрозам. Кастэкс паведаміў аб стварэнні пры пракуратуры Парыжа групы па наглядзе за сацыяльнымі сеткамі. "Іншыя меры цяпер разглядаюцца. Рашэнне па іх будзе прынята ў бліжэйшыя дні", - сказаў прэм'ер.

Увечары 16 кастрычніка ў горадзе Канфлан-Сент-Анарын было ўчынена нападзенне на настаўніка Самюэля Паці побач са школай, дзе ён выкладаў гісторыю і геаграфію. Злачынец перарэзаў яму горла. Зламыснік спрабаваў пагражаць паліцэйскім, якія прыбылі на месца здарэння, але быў застрэлены. Расследаванне гэтай справы было даручана антытэрарыстычнай пракуратуры Францыі. Прэзідэнт назваў здарэнне тэрактам.

Кіраўнік антытэрарыстычнай пракуратуры краіны Жан-Франсуа Рыкар паведаміў, што забойству папярэднічала кампанія ў сацсетках, якую, як лічыцца, запусціў бацька адной з вучаніц пасля таго, як на ўроку аб свабодзе слова Паці паказаў дзецям шэраг матэрыялаў, у тым ліку карыкатуры на прарока Мухамеда, якія ўжо станавіліся падставай для тэрарыстычных нападзенняў у Францыі. У рамках расследавання былі затрыманы 16 чалавек, дзевяць з іх адпушчаны на свабоду. У адносінах да сямі чалавек пачата судовае расследаванне па падазрэнні ў саўдзеле ў забойстве, учыненым у сувязі з тэрарыстычнай дзейнасцю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі