ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Субота, 28 лістапада 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
28 кастрычніка 2020, 16:29

У Еўропе фіксуюць самыя высокія тэмпы распаўсюджвання каранавіруса

Фота з архіва
Фота з архіва

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўропа, згодна з апублікаванымі 28 кастрычніка статыстычнымі данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), выйшла на першае месца ў свеце па тэмпах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі: за мінулы тыдзень у рэгіёне выявілі больш за 1,33 млн новых выпадкаў заражэння. У той жа час у краінах Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі за мінулы тыдзень зафіксавалі 884 тыс. інфіцыраваных, у Паўднёва-Усходняй Азіі - 445 тыс., паведамляе ТАСС.

Сярод еўрапейскіх краін найбольш высокая захваральнасць адзначаецца ў Францыі, Іспаніі, Вялікабрытаніі і Італіі. У параўнанні з вясенняй успышкай, найбольш складаная эпідэмічная сітуацыя склалася ў Чэхіі і Польшчы, дзе хуткасць распаўсюджвання інфекцыі павялічылася ўдвая.

Пры гэтым дзяржавам Заходняй Еўропы пакуль удаецца стрымліваць смяротнасць з-за каранавіруса на ўзроўні, які значна ўступае вясеннім максімумам, у той час як у краінах Усходняй Еўропы яна, наадварот, вырасла некалькі разоў.

Самыя высокія паказчыкі прыросту новых выпадкаў заражэння фіксуюцца ў Францыі: толькі за апошнія пяць дзён у краіне выявілі каля 200 тыс. новых выпадкаў заражэння - больш, чым за першыя пяць месяцаў пандэміі (з сакавіка па ліпень). З пачатку жніўня агульная колькасць інфіцыраваных вырасла там больш як у шэсць разоў і наблізілася да 1,2 млн - па гэтым паказчыку Францыя займае 5-е месца ў свеце следам за Расіяй (больш за 1,56 млн).

Іспанія на мінулым тыдні абнавіла максімум - у краіне выявілі амаль 21 тыс. новых выпадкаў заражэння за суткі, гэта ўдвая больш у параўнанні з максімальным паказчыкам вясенняй успышкі. Па агульнай колькасці інфіцыраваных (1,11 млн чалавек) яна займае з Аргенцінай шостае і сёмае месца ў свеце.

На дзявятую пазіцыю па колькасці выпадкаў заражэння (917,5 тыс.) паднялася Вялікабрытанія. На мінулым тыдні крывая захваральнасці ў Злучаным Каралеўстве стабільна перавышала адзнаку 20 тыс. выпадкаў заражэння за суткі - гэта амаль у тры разы вышэй за вясеннія паказчыкі.

У Італіі 27 кастрычніка зарэгістравана самая высокая колькасць новых выпадкаў заражэння - амаль 22 тыс., што ў 3,5 раза вышэй за ўзровень у час першай хвалі каранавіруса вясной.

У Германіі (463,4 тыс. інфіцыраваных) увесь апошні тыдзень, за выключэннем аднаго дня, узровень захваральнасці стабільна перасягаў адзнаку 10 тыс. выпадкаў заражэння за суткі, а 23 кастрычніка быў адзначаны максімум - амаль 13,5 тыс. новых выпадкаў.

Калі браць у разлік не абсалютныя, а адносныя паказчыкі, то, як адзначаюць у Еўрапейскім цэнтры па прафілактыцы і кантролі захворванняў (ECDC), на сённяшні дзень у Еўрасаюзе краінай з самым высокім узроўнем заражэння каранавірусам з'яўляецца Бельгія: за апошнія два тыдні там фіксуецца больш за 1,39 тыс. выпадкаў заражэння на 100 тыс. жыхароў. На другім месцы Чэхія (1,38 тыс.), за ёй ідуць Люксембург (760), Славенія (732) і Нідэрланды (694).

За апошні тыдзень у Бельгіі (333,7 тыс.) штодзень выяўлялі каля 13 тыс. новых выпадкаў, двойчы сутачны прырост перавышаў адзнаку ў памеры 17,5 тыс. - гэта ў сем разоў больш за вясеннія паказчыкі захваральнасці.

У Нідэрландах (больш за 312 тыс.) у апошнія тры дні крывая захваральнасці перавышала адзнаку 10 тыс. выпадкаў заражэння за суткі, што ў 10 разоў больш за значэнні красавіка.

У параўнанні з паказчыкамі вясенняй успышкі каранавіруса, найбольш складанай выглядае сітуацыя ў краінах Усходняй Еўропы. Напрыклад, у Чэхіі, дзе, паводле ацэнкі ўлад, становішча катастрафічнае, сутачны максімум падняўся больш як у 40 разоў - з 377 да больш як 15,6 тыс. Агульная колькасць інфіцыраваных перасягнула 284 тыс.

Падобная сітуацыя склалася і ў Польшчы (280,2 тыс. чалавек), дзе захваральнасць вырасла амаль у 30 разоў - да 16,3 тыс. выпадкаў заражэння за суткі.

У Румыніі і Балгарыі ўзровень распаўсюджвання інфекцыі ў параўнанні з вясной таксама ўзрос амаль у 10 разоў.

Нараўне з уздымам захваральнасці ў краінах Усходняй Еўропы назіраецца і рэзкі рост смяротнасці. Напрыклад, калі ў красавіку ў Чэхіі штодзень фіксавалі каля 18 смяротных зыходаў, то ў кастрычніку - амаль 180. У Польшчы смяротнасць вырасла амаль у 4,5 раза, у Румыніі і Балгарыі - больш як у тры разы.

Пры гэтым у краінах Заходняй Еўропы пакуль удаецца стрымліваць яе на ўзроўні, які ў разы ніжэйшы за вясеннія паказчыкі.

Найбольшая колькасць смяротных зыходаў зафіксавана на гэты час у Вялікабрытаніі (больш за 45,3 тыс., 5-е месца ў свеце), Італіі (37,7 тыс., 6-е месца), Францыі (больш за 35,5 тыс., 7-е месца) і Іспаніі (амаль 35,3 тыс., 8-е месца).

У пераліку колькасці смяротных зыходаў на 1 млн жыхароў самы высокі паказчык сярод еўрапейскіх краін у Бельгіі (951), за ёй ідуць Іспанія (755), Вялікабрытанія (667), Італія (624), Швецыя (585) і Францыя (544).

Паводле апошніх даных, агульная колькасць заражаных COVID-19 у свеце перасягнула 43 млн, з моманту ўспышкі памерлі 1,165 млн чалавек. У Еўропе пацверджана 8,720 млн заражаных, памерлі 254 тыс. хворых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі