
18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краіны ЕС у гэтым годзе могуць страціць значныя аб'ёмы ўраджаю з-за моцнай спёкі і засухі, што ўсталявалася ў рэгіёне. Аб гэтым гаворыцца ў дакладзе Еўрапейскай камісіі, паведамляюць РІА Навіны.
Краіны ЕС перажылі ўжо гэтым летам хвалю анамальнай гарачыні і цяпер рыхтуюцца да яшчэ адной. Чакаецца, што ад засухі пацерпіць амаль палавіна тэрыторыі Еўрасаюза. У Еўракамісіі таксама ўказалі на пагрозу зніжэння ўраджаяў у Францыі, Партугаліі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Славеніі, Іспаніі, ФРГ, Італіі і Харватыі.
Эксперты таксама прагназуюць пашырэнне плошчаў прыродных пажараў на кантыненце, якія гэтым летам ужо былі зафіксаваны ў Іспаніі, Францыі, Грэцыі і Партугаліі. Агнём былі знішчаны тысячы гектараў лесу. У барацьбе з вогненнай стыхіяй загінулі некалькі пажарных.
Экстрэмальна высокія тэмпературы і працяглыя засушлівыя перыяды ў Еўропе эксперты тлумачаць глабальным пацяпленнем клімату.-0-