Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
21 кастрычніка 2020, 17:57

У Чэхіі аб'явілі лакдаўн

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Чэхіі з 22 кастрычніка да 3 лістапада аб'ўлены лакдаўн. Аб гэтым паведамляе "Радыё Прага".

З раніцы 21 кастрычніка ўрад Чэшскай Рэспублікі абмяркоўваў новыя абмежавальныя меры, якія павінны спыніць імклівае павелічэнне колькасці заражаных каранавірусам у краіне. Міністр аховы здароўя Раман Прымула і ўвесь Кабінет міністраў апасаюцца ўзнікнення вострай няхваткі медыцынскага персаналу ў чэшскіх бальніцах і немагчымасці своечасова аказаць дапамогу ўсім захварэлым. Члены Кабінета міністраў лічаць, што ў мэтах стрымлівання росту колькасці інфіцыраваных неабходна яшчэ больш абмежаваць сацыяльныя кантакты насельніцтва краіны.

Згодна з рашэннем урада, зачыненымі застануцца магазіны рознічнага гандлю, а таксама прыпыніць работу значная частка сферы паслуг. З 22 кастрычніка гасцініцы і пансіёны не змогуць прымаць гасцей, якія прыязджаюць з мэтай адпачынку.

Адкрытымі застаюцца толькі магазіны, якія прапануюць базавы асартымент. У вялікіх гандлёвых цэнтрах грамадзяне змогуць наведаць толькі прадуктовыя, а таксама гаспадарчыя і парфумерныя магазіны. Аптэкі прадоўжаць работу. Часова галіны, якія закрываюцца, атрымаюць дзяржаўную фінансавую дапамогу.

Грамадзянам Чэхіі дадзена рэкамендацыя абмежаваць сацыяльныя кантакты і па магчымасці працаваць аддалена. Абмежавана свабоднае перамяшчэнне насельніцтва: магчыма толькі выкананне рабочых абавязкаў, наведванне бальніц і магазінаў, а таксама сваякоў, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Дазволены таксама прагулкі ў парках і садах.

Урад у паскораным парадку пашырае колькасць койка-месцаў у чэшскіх бальніцах, набывае ШВЛ і прыцягвае для работы ў чэшскіх стацыянарах урачоў-добраахвотнікаў, а таксама і замежных спецыялістаў. У Чэхію, як паведаміў прэм'ер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш, прыбудзе каманда ўрачоў з ЗША.

У Чэхіі 20 кастрычніка былі выяўлены 11 984 новыя выпадкі заражэння каранавірусам, што стала самым высокім сутачным паказчыкам з пачатку эпідэміі. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя Чэшскай Рэспублікі, цяпер у краіне налічваецца 113 тыс. чалавек у актыўнай фазе хваробы, шпіталізаваны больш за 4 тыс. заражаных, 634 з іх у цяжкім стане. З моманту ўспышкі памерлі 1619 інфіцыраваных. На гэты час у Чэхіі адзін з самых высокіх паказчыкаў па колькасці заражаных на душу насельніцтва сярод краін ЕС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі