11 чэрвеня, Ерэван /БЕЛТА - АРМЕНПРЭС/. У Арменіі пачалося электроннае галасаванне на пазачарговых парламенцкіх выбарах.
Электроннае галасаванне пачалося сёння ў 8.00 па мясцовым часе і завершыцца 13 чэрвеня ў 20.00. Вынікі будуць падведзены 20 чэрвеня.
Права галасаваць у электронным фармаце маюць супрацоўнікі дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў Арменіі, члены іх сем'яў, якія пражываюць за мяжой, а таксама ваеннаслужачыя, якія знаходзяцца ў працяглых камандзіроўках або на вучобе ў замежных краінах, і члены іх сем'яў, якія пражываюць з імі за мяжой.
Галасаваць у электронным фармаце, згодна са спісам, апублікаваным Цэнтральнай выбарчай камісіяй, маюць права 650 грамадзян.
Для ўдзелу ў пазачарговых парламенцкіх выбарах было зарэгістравана 26 палітычных сіл. Аднак напярэдадні, 10 чэрвеня, ЦВК прызнала страціўшай сілу рэгістрацыю выбарчага спіса партыі "Армянскія арлы. Адзіная Арменія". Партыя сама падала заяву аб самаадводзе.-0-