18 студзеня, Вашынгтон /БЕЛТА - ТАСС/. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адмяніў паездку амерыканскай дэлегацыі на Сусветны эканамічны форум у Давосе з-за бюджэтнага крызісу, які працягваецца, паведаміла прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс.
Трамп першапачаткова заяўляў, што паездка можа адмяніцца, калі не вырашыцца фінансавае пытанне.
Планавалася, што дэлегацыю ЗША на СЭФ узначаліць сам Трамп. Пазней стала вядома, што групай, якая складаецца з міністра гандлю, прадстаўніка ЗША на гандлёвых перагаворах і намесніка кіраўніка апарату Белага дома па палітычных пытаннях, будуць кіраваць міністр фінансаў Стывен Мнучын і дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа.
З 22 снежня ў ЗША часткова прыпынена работа федэральнага ўрада з-за адсутнасці бюджэту, які не змаглі ўзгадніць рэспубліканцы і дэмакраты ў Кангрэсе. Гэта адбылося з-за таго, што Трамп плануе выдзеліць з федэральнай казны $ 5,7 млрд на будаўніцтва бар'ернай сцяны на граніцы з Мексікай.-0-