
1 верасня, Нур-Султан /БЕЛТА - КАЗІНФАРМ/. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў прапанаваў правесці восенню 2022 года ў краіне пазачарговыя прэзідэнцкія выбары. Прапанова прагучала ў час выступлення прэзідэнта на сумесным пасяджэнні палат парламента.
"Прапаную гэтай восенню правесці пазачарговыя прэзідэнцкія выбары. Для паспяховай рэалізацыі кардынальных і ўсебаковых рэформ на шляху пабудовы справядлівага Казахстана неабходны новы мандат даверу насельніцтва", - заявіў Касым-Жамарт Такаеў.
Прэзідэнт Казахстана прапанаваў устанавіць абмежаванне мандата прэзідэнта ў адзін тэрмін працягласцю 7 гадоў.
Акрамя таго, ён выступіў з прапановай правесці выбары ў Мажыліс (ніжнюю палату парламента) і масліхаты ўсіх узроўняў (мясцовыя прадстаўнічыя органы) у першай палавіне 2023 года. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць абнавіць склад парламента.
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў выступае сёння з пасланнем народу Казахстана на сумесным пасяджэнні палат парламента. Асноўная частка паслання прысвечана сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны. Прамая трансляцыя паслання народу Казахстана праводзіцца на рэспубліканскіх тэлеканалах і сайтах інфармацыйных агенцтваў.-0-