Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
03 студзеня 2022, 10:50

Суэцкі канал атрымаў у 2021 годзе рэкордныя даходы ў памеры $6,3 млрд

3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Даходы Суэцкага канала ў Егіпце ў 2021 годзе дасягнулі $6,3 млрд, што стала самым высокім паказчыкам у гісторыі збудавання. Аб гэтым заявіў кіраўнік адміністрацыі воднай артэрыі Усама Рабія, паведамляе ТАСС са спасылкай на партал навін "Аль-Яум ас-Сабія".

"На працягу 2021 года былі ўстаноўлены новыя і беспрэцэдэнтныя рэкорды за ўсю гісторыю канала, калі гадавы даход дасягнуў найвышэйшага паказчыка $6,3 млрд", - сказаў Усама Рабія. Гэта на 12,8 працэнта больш у параўнанні з 2020 годам, калі канал прынёс даход у памеры $5,6 млрд.

Акрамя таго, паводле слоў Рабія, рэкорднай адзнакі дасягнуў і гадавы чысты танаж, які перавысіў 1,27 млрд т, што на 8,5 працэнта больш за мінулагоднія паказчыкі. Увогуле, інфармаваў ён, у абодвух напрамках па канале прайшло 20 694 судны ў параўнанні з 18 830 у 2020 годзе.

Бесшлюзавы Суэцкі канал быў адкрыты для суднаходства ў лістападзе 1869 года. Увядзенне яго ў строй дало магчымасць скараціць марскі шлях з Азіі ў Еўропу як мінімум на 8 тыс. км для гандлёвых і ваенных караблёў, якія раней былі вымушаны агібаць увесь Афрыканскі кантынент. Цяпер даўжыня канала складае каля 160 км, глыбіня - больш за 20 м, што дае магчымасць праходзіць па ім самым вялікім у свеце суднам, у тым ліку і буйнейшым нафтаналіўным танкерам.

У 2015 годзе была адкрыта новая, 72-кіламетровая ветка канала. Дублёр прызначаны падвоіць прапускную здольнасць транспартнай артэрыі з 49 да 97 суднаў у дзень за кошт магчымасці іх адначасовага праходу ў сустрэчных напрамках - па старым і новым рэчышчах. Егіпецкія ўлады разлічваюць, што выручка ад эксплуатацыі ўсяго комплексу Суэцкага канала да 2023 года перавысіць $15 млрд у год.

У мінулым годзе на ім адбылася адна з буйнейшых у яго сучаснай гісторыі аварый, калі 23 сакавіка кантэйнеравоз Ever Given даўжынёй 400 м, які ішоў пад панамскім сцягам, перагарадзіў аднамагістральную паўднёвую частку канала. На сцягванне судна з мелі пайшло шэсць дзён, за якія ў чаргу на праход выстраіліся больш за 400 суднаў, а пробка расцягнулася амаль да Індыі. Кіраўніцтва канала запатрабавала ад уладальніка кампенсацыю ў памеры $916 млн за нанесены ўрон і затраты па зняцці кантэйнеравоза. 7 ліпеня бакі падпісалі прымірыцельную здзелку, аднак аб'явілі, што дакладная сума з'яўляецца канфідэнцыяльнай інфармацыяй, і не сталі выдаваць дэталі дамоўленасцей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі