Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
15 снежня 2021, 11:57

СМА афіцыйна прызнала новы тэмпературны рэкорд для Арктыкі

15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) афіцыйна прызнала новы тэмпературны рэкорд для Арктыкі - 38 градусаў па Цэльсіі, паведамляе Цэнтр навін ААН.

"Сусветная метэаралагічная арганізацыя прызнала тэмпературны рэкорд для Арктыкі - 38 градусаў па Цэльсіі, або 100,4 па Фарэнгейце, у расійскім горадзе Верхаянску. Ён быў зафіксаваны 20 чэрвеня мінулага года", - заявіла прэс-сакратар СМА Клэр Нуліс.

Эксперты СМА адзначылі, што на працягу большай часткі лета мінулага года сярэднія тэмпературы ў арктычнай зоне Сібіры на 10 градусаў перавышалі норму.

Верхаянск знаходзіцца прыкладна за 115 км на поўнач ад палярнага круга. Новы рэкорд тэмпературы, больш тыповы для Міжземнамор'я, чым для Арктыкі, быў вымераны на метэаралагічнай наглядальнай станцыі падчас працяглай сібірскай хвалі спёкі.

"Гэты рэкорд відавочна сведчыць аб пацяпленні на ўсёй тэрыторыі Сібіры", - сказаў вядомы кліматолаг са Злучанага Каралеўства і член камітэта СМА доктар Філ Джонс.

Эксперты СМА адзначаюць: высокая летняя тэмпература ў арктычнай зоне Сібіры ўзмацніла разбуральныя пажары і прывяла да маштабнай страты марскога лёду. З-за пацяплення ў Арктыцы 2020 год стаў адным з трох самых цёплых гадоў у гісторыі назіранняў.

"Гэты новы для Арктыкі рэкорд з'яўляецца чарговым паказчыкам у серыі назіранняў, якія паступілі ў архіў даных СМА аб экстрэмальных метэаралагічных і кліматычных з'явах. Ён з'яўляецца трывожным сігналам змянення нашага клімату. У 2020 годзе таксама быў зафіксаваны новы тэмпературны рэкорд - 18,3 градуса па Цэльсіі - для антарктычнага кантынента", - сказаў генеральны сакратар СМА Петэры Таалас.

Цяпер даследчыкі СМА правяраюць паказанні тэмпературы на ўзроўні 54,4 градусаў па Цэльсіі, зарэгістраваныя ў 2020 і 2021 гадах у самым гарачым месцы ў свеце - Даліне Смерці ў Каліфорніі. Да таго ж яны маюць намер у хуткім часе паведаміць аб новым тэмпературным рэкордзе для Еўропы - 48,8 градуса па Цэльсіі, зарэгістраваным на італьянскім востраве Сіцылія гэтым летам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі