10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегаты Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў (УСНП) аднагалосна перавыбралі Сі Цзіньпіна старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі на трэці тэрмін, паведамляюць РІА Навіны.
Выбары прайшлі сёння раніцай шляхам тайнага галасавання, у якім прынялі ўдзел 2952 дэпутаты.
Сі Цзіньпін стаў першым у гісторыі Кітая старшынёй, якога выбралі на трэці пяцігадовы тэрмін. Акрамя таго, палітыка перавыбралі на пасаду кіраўніка Цэнтральнага ваеннага савета Кітая. Згодна з заканадаўствам краіны менавіта гэты орган ажыццяўляе кіраўніцтва і адзінае камандаванне ўсімі ўзброенымі сіламі КНР.
Адзначаецца, што перавыбранне Сі Цзіньпіна стала магчыма пасля ўнясення паправак у Канстытуцыю Кітая ў 2018 годзе. Згодна з рэдакцыяй дакумента, адна і тая ж асоба можа займаць пасаду кіраўніка дзяржавы неабмежаваную колькасць разоў.
Упершыню старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін стаў у сакавіку 2013 года, пасля чаго, у сакавіку 2018 года, яго перавыбралі на другі пяцігадовы тэрмін.-0-