Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
13 красавіка 2022, 13:21

Што такое "латвійская сумесь", або Як у Латвіі разбаўляюць расійскую нафту для паставак у Еўропу

13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскія энергетычныя кампаніі шукаюць абходныя шляхі, каб вырабляць паліва з расійскай нафты. Брытанска-нідэрландская нафтагазавая кампанія Shell, якая ў сакавіку адмовілася ад удзелу ва ўсіх расійскіх вуглевадародных праектах, знайшла пралаз для паставак паліва з расійскай нафты ў Еўропу, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Baltnews са спасылкай на амерыканскае агенцтва Bloomberg.

Справа ў тым, што кампанія Shell вырашыла змешваць расійскую нафту з сыравінай іншага паходжання, тым самым утвараючы розныя сумесі нафты. Пасля ўвядзення санкцый супраць Ірана на нафтавым рынку з'явіліся так званыя малазійская і сінгапурская сумесі. Цяпер набірае папулярнасць латвійская - сумесь расійскай нафты з сыравінай, здабытай у іншых дзяржавах.

У Shell упэўнены, што калі бараль нафты складаецца з расійскай сыравіны на 49,9 працэнта, а астатнія 50,01 працэнта - з іншай, то канечны прадукт таксама не лічыцца расійскім. Так, у порце Вентспілса, дзе ёсць нафтаналіўны тэрмінал, разбаўляюць нафтапрадукты, якія пастаўляюцца з Прыморска для наступнага продажу ў Еўропу. Такая прадукцыя атрымала назву "латвійская сумесь".

Адзначаецца, што "латвійскай сумессю" называюць нафту, якая змяшчае расійскую сыравіну, але вырабляць гэта паліва могуць хоць у Нідэрландах, хоць у адкрытым моры, што трэйдары называюць перавалкай з судна на судна (рэйдавая перавалка). Трэба адзначыць, што ў снежні Мінтранс РФ прапаноўваў забараніць у Расіі такі від перавалкі грузаў з-за рызык для навакольнага асяроддзя.

Аднак прыклад Shell перанялі не ўсе. Так, французская нафтагазавая кампанія TotalEnergies выключае вытворчасць паліва, сыравіна для якога поўнасцю або часткова выраблена ў Расіі. Іспанская Repsol SA устанавіла аналагічныя правілы, якія забараняюць любыя "расійскія малекулы", піша Bloomberg.

Цікава, але продаж сумесей лічыцца абсалютна законным, паколькі Еўропа яшчэ не ўвяла санкцыі, якія забараняюць пастаўкі расійскай нафты і газу, а кампаніі могуць гандляваць "латвійскай сумессю", каб мінімізаваць страты і задаволіць рынак, піша Bloomberg.

Зрэшты, такія схемы Shell ужо шырока выкарыстоўвае і для продажу падсанкцыйнай венесуэльскай і іранскай нафты: для абыходу санкцый сыравіна з Венесуэлы і Ірана змешваецца з нафтапрадуктамі іншага паходжання, у выніку чаго і з'явіліся "сінгапурская" і "малазійская" сумесі. Акрамя таго, у сакавіку гэтага года Shell закупіла партыю расійскай нафты маркі Urals па нізкай цане.

Вядома, што Еўракамісія (ЕК) мае намер распаўсюдзіць санкцыі на экспарт расійскай нафты, аднак канкрэтныя меры пакуль не падрыхтаваны. Паводле слоў кіраўніка ЕК Урсулы фон дэр Ляен, работа ў гэтым напрамку прадаўжаецца.

Забарона на заход суднаў пад расійскім сцягам у парты Еўрапейскага саюза ўступіла ў сілу 8 красавіка. Акрамя таго, уезд на тэрыторыю ЕС забаронены і грузаперавозчыкам з расійскімі і беларускімі нумарамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі