Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
23 чэрвеня 2021, 11:38

Шайгу: у свеце назіраецца тэндэнцыя фарміравання глабальных кааліцый і эканамічнага націску

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэндэнцыя падзелу свету на "сваіх" і "чужых" назіраецца ў свеце. Аб гэтым заявіў міністр абароны Расіі генерал арміі Сяргей Шайгу на Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы (MCIS-2021), паведамляе ТАСС.

"Сёння на першае месца выходзіць новая тэндэнцыя фарміравання глабальных кааліцый, якая падзяліла свет на "сваіх" і "чужых", - заявіў міністр.

Ён удакладніў, што яшчэ адной тэндэнцыяй у свеце з'яўляецца агрэсіўны эканамічны націск на некаторыя дзяржавы. "Яшчэ адна характэрная тэндэнцыя апошняга часу - агрэсіўны эканамічны націск як сродак прымушэння да змяненняў у палітыцы суверэнных дзяржаў. Шырока выкарыстоўваюцца эканамічныя і фінансавыя санкцыі, якія дапаўняюць сілавым націскам, правакаваннем ваенных інцыдэнтаў і кампаніямі па дэзынфармацыі насельніцтва", - адзначыў Сяргей Шайгу. Паводле слоў міністра, спосабы і прыёмы такога ўздзеяння становяцца ўніверсальнымі і прымяняюцца ў любым раёне свету.

Сяргей Шайгу таксама адзначыў, што пандэмія прадэманстравала важнасць дзяржграніц і суверэнных дзяржаў. "Узрастае роля суверэнных дзяржаў па забеспячэнні - у шырокім сэнсе - бяспекі грамадзян. Пандэмія прадэманстравала, што дзяржаўныя граніцы захоўваюць значэнне, бо толькі на нацыянальным узроўні ёсць магчымасць аператыўна праводзіць каранцінныя мерапрыемствы і аказваць дапамогу насельніцтву", - сказаў ён.

Сітуацыя ў Еўропе ўзрыванебяспечная і патрабуе прыняцця рашэнняў па яе дээскалацыі, заявіў міністр абароны Расіі. Паводле яго слоў, у Еўропе ўстойліва замацавалася тэндэнцыя да ўзмацнення ваеннага процістаяння. "Паўночнаатлантычны блок нарошчвае колькасць груповак высокай ступені гатоўнасці, адпрацоўвае маршруты аператыўнай перакідкі войскаў да граніц Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі", - падкрэсліў ён, дадаўшы, што характэрным прыкладам з'яўляюцца вучэнні Defender Europe - 2021, падчас якіх адпрацоўваліся наступальныя аперацыі на ўсходнім флангу альянсу.

Міністр таксама звярнуў увагу, што падыход НАТА да ўзаемадзеяння з Расіяй не садзейнічае зніжэнню напружанасці. "Саміт НАТА, праведзены ў Бруселі 14 чэрвеня, стаў пацвярджэннем трансфармацыі блока з рэгіянальнага ў глабальны ваенна-палітычны саюз, галоўнай задачай якога вызначана стрымліванне Расіі і Кітая", - заявіў Сяргей Шайгу.

Паводле слоў міністра, прынятыя на саміце НАТА рашэнні аб нарошчванні ваенных расходаў дзяржаў-членаў, удасканаленні патэнцыялу ядзернага стрымлівання замацоўваюць на гады ваеннае процістаянне ў Еўропе. "Пры гэтым фармальны дыялог, які Брусель прапануе прадоўжыць у рамках Савета Расія - НАТА, не зніжае напружанасці ў двухбаковых адносінах", - падкрэсліў Сяргей Шайгу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі