Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
20 кастрычніка 2021, 16:36

СААЗ рэкамендуе ўвядзенне трэцяй дозы вакцыны супраць COVID-19 людзям з цяжкім імунадэфіцытам

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. СААЗ рэкамендуе ўвядзенне трэцяй дозы вакцыны супраць COVID-19 людзям з цяжкім імунадэфіцытам, паведаміла тэхнічны спецыяліст аддзела вакцынакіруемых захворванняў і імунізацыі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Людміла Мосіна ў час вэбінара "СМІ супраць COVID-19", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяпер СААЗ лічыць, што няма падстаў для рэвакцынацыі, але гэта пытанне пастаянна разглядаецца. У пачатку лістапада будзе наступная нарада стратэгічнай кансультатыўнай групы. Яшчэ раз будуць разгледжаны ўсе апошнія доказныя даныя. Калі будзе неабходнасць, СААЗ будзе ўносіць карэкцыі ў свае рэкамендацыі. Цяпер мы рэкамендуем трэцюю дозу, але не рэвакцынацыю, а як частку першаснай вакцынацыі, людзям, у якіх цяжкі імунадэфіцыт", - сказала Людміла Мосіна.

Яна паведаміла, што, паводле апошніх даступных даных, антыцелы захоўваюць прысутнасць на працягу як мінімум васьмі месяцаў пасля перанесенай інфекцыі, шасці месяцаў пасля вакцынацыі мРНК вакцынамі і васьмі месяцаў - Janssen.

Паводле слоў Людмілы Мосінай, на аснове доказных даных, якія ўжо ёсць на сёння, можна зрабіць абнадзейлівыя вывады. Па-першае, вакцыны, якія ёсць цяпер супраць COVID-19, прадэманстравалі сваю высокую клінічную, а таксама эпідэміялагічную эфектыўнасць у рэальным свеце. Размова ідзе аб папярэджанні шпіталізацый і смярцей ад COVID-19. Па-другое, узровень эфектыўнасці захоўваецца нягледзячы на змяненні ў цыркулюючых штамах каранавіруса. Па-трэцяе, пасля ўвядзення мільярдаў доз па ўсім свеце была даказана бяспечнасць вакцын, а тыя пабочныя з'явы, якія былі выяўлены, надзвычай рэдкія і карысць ад вакцынацыі істотна перавышае любую патэнцыяльную рызыку.

"І самая галоўная выснова: неабходна вакцынавацца, каб засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад цяжкага захворвання і смерці ад COVID-19", - рэзюмавала прадстаўнік СААЗ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі