Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
13 ліпеня 2021, 18:53

СААЗ рэкамендавала не прымаць самастойныя рашэнні аб вакцынацыі ад COVID-19 рознымі прэпаратамі

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) рэкамендавала грамадзянам устрымацца ад самастойнага прыняцця рашэння аб магчымай вакцынацыі ад COVID-19 рознымі вакцынамі. Аб гэтым на брыфінгу ў Жэневе заявіў афіцыйны прадстаўнік СААЗ Крысціян Ліндмаер, паведамляе ТАСС.

"Некаторыя асобы не павінны самі прымаць рашэнне аб вакцынацыі рознымі вакцынамі, гэта могуць рабіць органы грамадскай аховы здароўя на аснове існуючай інфармацыі", - сказаў Крысціян Ліндмаер, спаслаўшыся на меркаванне галоўнага навуковага супрацоўніка СААЗ Сум'і Свамінатан.

Ён таксама падкрэсліў, што цяпер "чакаюцца даныя аб змешванні і спалучэнні розных вакцын: ацэньваюцца імунагеннасць і бяспека".

Афіцыйны прадстаўнік нагадаў, што ў маі эксперты СААЗ абнавілі свае прамежкавыя рэкамендацыі, якія датычацца вакцыны амерыканскай кампаніі Pfizer. У прыватнасці, яны дазволілі яе выкарыстанне ў якасці другой дозы прышчэпкі пасля таго, як першая доза была зроблена вакцынай брытанска-шведскай кампаніі AstraZeneca. Гэта рэкамендацыя датычылася сітуацый, калі вакцыны AstraZeneca на другую дозу не хапае з-за цяжкасцей з пастаўкамі або па іншых прычынах.

Як растлумачыў Крысціян Ліндмаер, цяпер у Оксфардскім універсітэце праводзяцца даследаванні наступстваў змешанага прымянення вакцын Pfizer і AstraZeneca. Нядаўна гэтыя даследаванні былі пашыраны і цяпер яны ахопліваюць таксама вакцыны амерыканскіх фірм Moderna і Novovax.

"Папярэднія рэзультаты выпрабаванняў, праведзеных Оксфардскім універсітэтам, паказалі, што людзі, якія атрымлівалі вакцыну AstraZeneca ў якасці першай дозы, за якой ішла доза вакцыны Pfizer і яе германскага партнёра BioNTech, з большай ступенню верагоднасці мелі гарачку і іншыя слабыя пабочныя эфекты, чым калі б яны атрымлівалі абедзве дозы вакцыны AstraZeneca", - канстатаваў афіцыйны прадстаўнік СААЗ.

Паводле яго слоў, гэтыя даследаванні праводзіліся сярод людзей 50 гадоў і старэйшых. Пабочныя эфекты звычайна доўжыліся некалькі дзён, шпіталізацыя не патрабавалася.

Як раней заявіла ў Жэневе кіраўнік дэпартамента імунізацыі СААЗ Кейт О'Браен, арганізацыя рэкамендуе рабіць прышчэпку ад каранавіруса дзвюма дозамі адной вакцыны, паколькі наступствы прымянення розных вакцын пакуль не вывучаны. "Даследаванні прадаўжаюцца, і мы чакаем атрымання даных наконт гэтага ў бліжэйшыя месяцы", - сказала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі