
30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) паведаміла аб 257 пацверджаных выпадках воспы малпаў і прыблізна аб 120 магчымых у 23 краінах свету, паведамляе ТАСС.
У распаўсюджаным у Жэневе інфармацыйным бюлетэні СААЗ адзначаецца нечаканае з'яўленне гэтай хваробы адначасова ў шэрагу дзяржаў, якія не з'яўляюцца для яе эндэмічнымі, што звяртае ўвагу на магчымае існаванне на працягу нейкага часу нявыяўленай перадачы віруса.
"Па стане на 26 мая ў СААЗ паступілі звесткі аб 257 пацверджаных выпадках і прыблізна 120 магчымых. Інфармацыі аб смярцях не паступала", - гаворыцца ў паведамленні. Паводле інфармацыі арганізацыі, асноўная частка захварэлых - гэта "мужчыны, якія мелі інтымную блізкасць з мужчынамі".
Падкрэсліваецца, што з 13 мая воспа малпаў выяўлена ў 23 краінах, якія не з'яўляюцца эндэмічнымі. СААЗ чакае, што будуць выяўлены новыя выпадкі захворвання, "паколькі ў неэндэмічных краінах пашыраецца назіранне".
У большасці выпадкаў не была выяўлена сувязь паміж захворваннем і паездкай у эндэмічны раён. "Нечаканае з'яўленне воспы малпаў у некалькіх неэндэмічных краінах дапускае, што магла існаваць нявыяўленая перадача віруса", - канстатавалі ў СААЗ.-0-