
27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дэпартамента па забеспячэнні глабальнай гатоўнасці да асабліва небяспечных інфекцый СААЗ Сільві Брыян заявіла, што арганізацыя не раіць уводзіць абмежавальныя меры на паездкі з-за распаўсюджвання воспы малпаў, паведамляе агенцтва РІА Навіны.
"Мы не рэкамендуем уводзіць забароны ці абмежаванні на паездкі", - заявіла яна.
Паводле слоў прадстаўніка СААЗ, каб не дазволіць гэтаму вірусу распаўсюдзіцца, неабходна ў першую чаргу сачыць за кантактамі інфіцыраваных. Хворых і людзей, якія кантактавалі з імі, трэба часова ізаляваць.
Між тым кіраўнік сакратарыята па барацьбе з воспай праграмы СААЗ па надзвычайных сітуацыях Разамунд Льюіс заявіла: праводзіць масавую вакцынацыю з-за росту захваральнасці пакуль не трэба.
Воспа малпаў у большасці выпадкаў працякае лёгка, толькі ў некаторых узнікаюць ускладненні. Сярод сімптомаў - ліхаманка, мышачныя і галаўныя болі, павелічэнне лімфавузлоў, дрыжыкі, знясіленне, у некаторых выпадках сып.-0-