Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
02 чэрвеня 2021, 12:04

СААЗ не рэкамендуе спецыяльных праверак на граніцах на заражэнне людзей вірусам H10N3

2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) не рэкамендуе праводзіць спецыяльныя праверкі на птушыны грып H10N3 на граніцах паміж краінамі, а таксама ўводзіць якія-небудзь абмежаванні на гандаль або паездкі ў сувязі з выяўленнем у Кітаі першага ў свеце выпадку заражэння чалавека гэтым вірусам. Аб гэтым заявіў афіцыйны прадстаўнік жэнеўскай штаб-кватэры СААЗ Тарык Яшарэвіч, паведамляе ТАСС.

"СААЗ не рэкамендуе правядзення спецыяльнага скрынінгу на пунктах уезду ў тым, што датычыцца гэтай падзеі. Не рэкамендавана таксама прымяненне якіх-небудзь абмежаванняў на падарожжы і гандаль", - адзначыў ён.

Раней Дзяржаўны камітэт па пытаннях гігіены і аховы здароўя КНР паведаміў, што 41-гадовы мужчына з горада Чжэньцзян ва ўсходняй кітайскай правінцыі Цзянсу ў канцы красавіка адчуў гарачку, праз некалькі дзён з-за пагаршэння стану ён звярнуўся да ўрача і быў шпіталізаваны. Да гэтага часу яго стан стабілізаваўся і амаль цалкам адпавядае крытэрыям для выпіскі з бальніцы.

Нацыянальны цэнтр па кантролі і прафілактыцы захворванняў пасля атрымання матэрыялаў пацыента правёў іх аналіз і прыйшоў да высновы, што мужчына быў інфіцыраваны H10N3. Усе людзі, якія кантактавалі з ім, знаходзяцца пад медыцынскім наглядам, хворых сярод іх пакуль не выяўлена.

Як адзначаецца ў паведамленні ведамства, H10N3 паходзіць ад птушак, паколькі аналіз генома паказаў, што вірус не мае эфектыўнай здольнасці заражаць чалавека. Раней у свеце не было зафіксавана ні аднаго выпадку заражэння людзей H10N3, вірус перадаецца паміж птушкамі і мае нізкую патагеннасць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі