
9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Большасць палякаў хоць і добразычліва ставіцца да ўкраінскіх бежанцаў, але выступае супраць прадастаўлення ім ільгот і сацыяльных дапамог, паказала даследаванне Варшаўскага ўніверсітэта. Аб гэтым паведамляе выданне Rzeczpospolita.
Адзначаецца, што палякі згодны прымаць бежанцаў з Украіны ў сваёй краіне і гатовы падтрымліваць Украіну і далей, але калі размова заходзіць аб канкрэтнай фінансавай дапамозе бежанцам, то іх добразычлівасць рэзка зніжаецца. Удакладняецца, што фінансавая падтрымка ўкраінскіх бежанцаў знаходзіцца ў адной з самых нізкіх рэйтынгавых катэгорый падтрымкі сярод насельніцтва (45,7 працэнта), уступаючы толькі адпраўцы польскіх салдат ва Украіну.
Згодна з вынікамі даследавання, у сярэднім толькі кожны сёмы паляк падтрымлівае тое, каб украінцы ў Польшчы мелі такія ж сацыяльныя дапамогі, як і яны самі.
У той жа час 81 працэнт рэспандэнтаў згодны на пражыванне ўкраінцаў у Польшчы, прычым 64 працэнты не пярэчылі б, калі б яго дзіця ўступіла ў шлюб з украінцам або ўкраінкай.
Паводле слоў сацыёлага Марчына Думы, цяпер пазітыўны настрой палякаў да бежанцаў з Украіны не такі відавочны і паўсюдны. "Мы чуем: тут інфляцыя, цэны высокія, усе ў пройгрышы, а яны прыязджаюць і могуць не працаваць, а атрымліваць ільготы", - растлумачыў ён, дадаўшы, што інфармацыя аб ваенных дзеяннях ужо стала паўсядзённай, таму эмацыянальны водгук цяпер ужо не такі, як быў спачатку.-0-